Рэпартаж з музею нямецкіх «стукачоў»


Пабачыць аўтэнтычны кабінет міністра дзяржбяспекі? А можа, азнаёміцца з метадамі віжавання ў ГДР? Такія магчымасці вам прадастаўляе музей Штазі, што ў берлінскім раёне Ліхтэнбэрг.

Неўзабаве пасля зруйнавання Берлінскага муру тысячы людзей прыйшлі да дзвярэй комплексу Штазі. Яны патрабавалі спынення дзейнасці бяскарных спецслужбаў, а таксама справядлівага суду над злачынствамі чэкістаў.

Карыстаючыся апошнімі хвілінамі, працаўнікі Штазі знішчалі дакументы свайго міністэрства. Машыны знішчэння не давалі рады, таму паперы рвалі на шматкі рукамі. Пазней пільныя нямецкія грамадзяне сабралі 600 мільёнаў шматкоў ад дакументаў. У выніку ручной працы над ускладненым варыянтам «пазлу» ўдалося ўзнавіць толькі 2 % з іх. Цяпер дзякуючы адмысловай праграме камп’ютар здолее выконваць гэтую працу хутчэй.

{movie}Рэпартаж з музею Штазі ў Берліне|right|9877{/movie}

Запусцілі механізмы люстрацыі: калі асоба працавала на Штазі, яна не магла прэтэндаваць на пасаду ў дзяржаўных і судовых установах. У Берліне толькі 5 % суддзяў і пракурораў змаглі застацца на сваіх пасадах.

Следам прынялі закон, паводле якога грамадзяне ГДР атрымалі доступ да сваіх справаў у архівах Штазі. Ужо праз 2 дні пасля адкрыцця ў архіве скончыліся фармуляры, так шмат ахвочых прыйшло. Усе архівы перадалі адмысловай камісіі, якую ачоліў дысідэнт, праваабаронца і пастар Ёахім Гаўк. У 2012 годзе яго абралі прэзідэнтам Нямеччыны.

Настасся Яўмен, belsat.eu

Стужка навінаў