За жыццём зуброў у Белавежскай пушчы цяпер можна паназіраць он-лайн


Што і колькі ядуць зубры? Хто галоўны ў статку? Ці карыстаецца лясны гаспадар павагаю з боку іншых насельнікаў лесу? Глядзіце самі!



Польская лясная служба дае магчымасць пабачыць жыццё зуброў у адным з найстарэйшых нацыянальных паркаў Еўропы ў рэжыме онлайн-трансляцыі.

Відэакамеру, з дапамогаю якой можна паназіраць за зубрамі ў іх натуральным асяроддзі, усталявалі на паляне з кармушкаю ў паўночнай частцы Белавежскай пушчы. Гэта адно з тых месцаў, дзе леснікі пакідаюць ежу для зуброў у зімовы перыяд. Уначы паляну асвятляе лямпа з інфрачырвоным святлом. Жывёлы не бачаць гэтага выпраменьвання, таму яно і не ўплывае на іхныя паводзіны ды рытм жыцця. Леснікі адзначаюць, што да кармушкі з камераю прыходзяць розныя групы зуброў. Найбольш характарыстычны статак, аднак, з маленькім зубранём, якое нарадзілася зусім нядаўна.

Для падкормлівання зуброў летась набылі 18 т. сена, але дадаюць у іхны рацыён таксама авёс і кукурузу. Гэта дапамагае жывёлам выжыць у галодныя зімовыя месяцы і прадухіляе абгрызанне маладых дрэўцаў зубрамі ды знішчэнне фермерскіх палёў.

Часта да кармушкі прыходзяць таксама алені ды казулі, якія цярпліва чакаюць, калі лясныя гаспадары наядуцца. З’яўляюцца тут таксама зайцы, куніцы, а зрэдку завітваюць нават ваўкі, але зубры мужна праганяюць няпрошаных гасцей.

Цяпер у Белавежскай пушчы, што на тэрыторыі Польшчы і Беларусі, выступае найбуйнейшая ў Еўропе папуляцыя зуброў. Цяпер у абедзвюх частак пушчы жыве каля 1 тыс. зуброў. У пачатку ХХ стагоддзя гэтыя велічныя жывёліны вымерлі ў натуральных умовах Белавежскай пушчы. Апошні зубр загінуў ад рукі браканьера ў 1919 годзе. Толькі пасля ІІ сусветнай вайны жывёлу зноў удалося засяліць у натуральныя ўмовы з прыватнага гадавальніка.

Максім Ярашэвіч, belsat.eu

Стужка навінаў