У Вільні ўшанавалі памяць Каліноўскага (Фота)


Дзень памяці беларускага нацыянальнага героя Кастуся Каліноўскага адзначылі ў Вільні: адбылося шэсце з бел-чырвона-белымі сцягамі ў цэнтры гораду, у саборы Святой Тройцы правялі паніхіду.

Мітынг пачаўся а 15 гадзіны ля крыжа змагарам за свабоду Літвы, які стаіць над мемарыяльнаю плітою паўстанцам 1863–1864 гадоў каля касцёлу Святога Якуба на Лукішскім пляцы. Месца правядзення выбралі невыпадкова: Каліноўскага пакаралі на Лукішскім пляцы 22 сакавіка 1864 года.

Перад удзельнікамі акцыі выступілі яе арганізатары – кіраўнік «Беларускай Нацыянальнай Памяці» Анатоль Міхнавец і старшыня «Таварыства беларускай культуры Летувы» Фёдар Нюнька, а таксама Людвіка Кардзіс і Міхаіл Башура. У сваіх выступах яны згадалі паўстанцаў і заклікалі не забываць іх у гэткія знакавыя даты.

Ад «крыжа Каліноўскага», як называюць яго ў Вільні, шлях прайшоў да месца шыбеніцы (каля будынку суда пры Лукішскай плошчы, там цяпер месціцца сімвалічны помнік ахвярам сталінскіх рэпрэсіяў) і далей па праспекце Гедыміна да Замкавай гары, дзе, як мяркуецца, Каліноўскага пахавалі.

Мітынг на магіле Кастуся Каліноўскага скончыўся ўскладаннем кветак і хвілінаю маўчання. Напрыканцы прысутныя праспявалі гімн «Магутны Божа».

Мерапрыемства ладзіцца чацвёрты год і праводзіцца з афіцыйнага дазволу літоўскіх уладаў.

А.Л., belsat.eu

Стужка навінаў