Івонка Сурвіла: БНР не ўтрымалася, бо не мела прыяцеляў і саюзнікаў


Старшыня Рады БНР распавяла ў праграме “Зона “Свабоды” пра сваю дзейнасць ў эміграцыі на карысць Беларусі, а таксама павіншавала палітвязняў з Днём Волі.

Больш пра гэта ды іншае ў праграме “Зона Свабоды”, якая выходзіць на “Белсаце” па суботах а 20.00, а таксама даступная ў нашым архіве.

{movie}Івонка Сурвіла пра задачы Рады БНР|right|9863{/movie}

Івонка Сурвіла падкрэсліла, што Рада БНР ад свайго першага паседжання заўсёды прымала актыўны ўдзел у беларускім жыцці і служыла дабру бацькаўшчыны. “Мы ўвесь час кантактуем з іншымі краінамі, памагаем апазіцыі бараніць незалежнасць Беларусі, прыпамінаем свету, што Беларусь існуе і заслугоўвае на незалежнасць, як любая іншая краіна”, – падкрэсліла спадарыня Сурвіла .

Дзяячка дадала, што Рада БНР усцяж намагаецца знайсці саюзнікаў і прыяцеляў для Беларусі: “Мы маем для гэтага больш магчымасцяў, чым людзі ў Беларусі, якія не зусім разумеюць, што гэтая справа вельмі важная, бо якраз мы не мелі магчымасці ўтрымаць Беларускую Народную Рэспубліку, бо не мелі саюзнікаў звонку“.

Імідж нашай радзімы, на які працуе Рада БНР, – вельмі важная справа, мяркуе спадарыня Сурвіла. Рэжым Лукашэнкі моцна падарваў рэпутацыю Беларусі, і пасля падзення рэжыму аўтарытарнага лідара яе давядзецца адбудоўваць шмат гадоў.

Старшыня Рады БНР павіншавала з Днём Волі ўсіх беларусаў, а ў першую чаргу палітвязняў, пажадаўшы, як мага хутчэйшага вызвалення з-за кратаў і супольнага адзначэння нацыянальнага свята з рэштай беларускага народу.

{movie}Івонка Сурвіла віншуе палітвязняў з Днём Волі|right|9864{/movie}

“Так як мы калісь з году ў год пацяшалі сябе, што ніводная імперыя не вечная і што “загляне сонца і ў наша ваконца”, сёння мы таксама ведаем, што дні ўзурпатара палічаныя, і ні яму, ні ягоным спонсарам не ўдасца ўжо сцерці Беларусь з карты свету”, – чытаем у афіцыйным звароце Івонкі Сурвілы да беларускага народу з нагоды Дня Волі-2013.

М.Я., belsat.eu

Стужка навінаў