Арганізатары дыктоўкі ў Горадні: “Мы маглі б сабраць стадыён!” (мультымедыя)


23 сакавіка гарадзенцы напісалі Агульнанацыянальную дыктоўку на роднай мове.

“Азірніцеся па баках! – звярнуўся да перапоўненай залы адзін з арганізатараў імпрэзы Павал Мажэйка. – Што было б, калі б нам дазволілі стадыён “Нёман”?! Вельмі цешыць, што з кожным годам нас, прынамсі, не становіцца менш”.

Агульнанацыянальную дыктоўку пішуць у Горадні шосты год запар – увесь час у памяшканнях недзяржаўных аб’яднанняў. Атрымаць дазвол на большыя залы для арганізатараў, Таварыства беларускай школы і кніжнай серыі “Гарадзенская бібліятэка” – праблема. Звароту ТБМ у гарвыканкам, Міністэрства адукацыі ды ўніверсітэт імя Янкі Купалы летась не задаволіў ніхто.



Нягледзячы на гэта, штогод напісаць дыктоўку збіраюцца больш за 200 гарадзенцаў. Сёлета акцыю прысвяцілі гадавіне паўстання 1863 г. і 175-годдзю з дня нараджэння ягонага кіраўніка Кастуся Каліноўскага. Тэкст – “Лісты з-пад шыбеніцы” – прадыктаваў прафесар, вядомы літаратуразнавец Аляксей Пяткевіч.

Пасля ўдзельнікаў дыктоўкі пазнаёмілі з новаю кнігаю з серыі “Гарадзенская бібліятэка”: “Зоська Верас. Я помню ўсё”. Гэта першае выданне творчай ды эпісталярнай спадчыны пісьменніцы.

Аліна Каранкевіч, belsat.eu

Стужка навінаў