Унікальная падзея: Адбылося спатканне двух Папаў Рымскіх


https://youtu.be/Hm3w3Lwt6Zg
Папа Рымскі Францішак сустрэўся са сваім папярэднікам Бэнэдыктам XVI у прыватнай рэзідэнцыі Кастэль Гандольфа, што сталася беспрэцэдэнтнаю падзеяй у сучаснай гісторыі Рыма-каталіцкага касцёлу.

Бэнэдыкт XVI, што стаў першым кіраўніком Каталіцкага касцёлу за апошнія 600 гадоў, які на сваё жаданне пакінуў святы пасад, пераехаў у Кастэль Гандольфа яшчэ ў канцы лютага. Папа Францішак прыляцеў туды на верталёце.

У аналах гісторыі інфармацыі пра сустрэчы паміж дзейным і былым пантыфікамі няма, бо звычайна новы кіраўнік Каталіцкага касцёлу абіраўся толькі пасля смерці папярэдніка, паведамляюць знаўцы.

Праўда, у Сярэднявеччы здараліся эпізоды, калі вынікі выбараў новага Папы аспрэчваліся, і на чале Каталіцкага касцёлу аказваліся адразу некалькі пантыфікаў. Да прыкладу, Баніфацы VIII загадаў змясціць свайго папярэдніка ў турму, дзе той праз год сканаў.

У адрозненне ад Баніфацыя VIII цяперашні галава каталікоў Францішак адклікаецца аб сваім папярэдніку з цеплынёй. Адразу пасля ўступлення на пасаду пантыфіка ён адразу ж патэлефанаваў Бэнэдыкту XVI у Кастэль-Гандольфа.

Сённяшняе спатканне двух Папаў працягвалася 2,5 гадзіны. Францішак і Бэнэдыкт XVI разам паабедалі, паразмаўлялі ды памаліліся. Размова адбылася прыватна, за зачыненымі дзвярыма. Пра яе змест нічога не вядома. Перад супольнаю малітваю Францішак узяў свайго старэнькага папярэдніка за руку і сказаў: «Мы – браты». Пасля сустрэчы Бэнэдыкт XVI, пачуванне якога апошнім часам істотна пагоршылася, асабіста праводзіў Францішка да верталёта.

Бэнэдыкт XVI, які атрымаў тытул ганаровага Папы, будзе жыць у летняй рэзідэнцыі пантыфікаў, пакуль падрыхтуюць ягоны дом у Рыме. Раней Бэнэдыкт XVI даваў зразумець, што можа стаць пустэльнікам.

Пра асобу новага Папы Францішка і ягонае месца ў Касцёле, а таксама пры выклікі, якія стаяць перад новым намеснікам святога Пятра, разважае ў праграме «ПраСвет» дамініканін Віталь Сапега. Больш інфармацыі ў поўным выданні «ПраСвету», які выходзіць на «Белсаце» штопятніцу а 20:30. Выданні праграмы даступныя таксама ў нашым архіве.
{movie}Дамініканін Віталь Сапега пра Папу (“ПраСвет”) |right|9855{/movie}
М.Я., belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары