Родныя ўбачаць Анатоля Лябедзьку толькі праз 1,5 года?


Менавіта столькі паводле закону можа цягнуцца папярэдняе следства.

Жонка палітыка, Святлана Лябедзька, на сваё хадайніцтва аб сустрэчы з мужам атрымала адказ, што “спатканне магчымае толькі пасля заканчэння папярэдняга следства”.

Як патлумачыў “Белсату” праваабаронца Алег Волчак, папярэдняе следства, паводле заканадаўства, можа цягнуцца 1,5 года. Аднак у законе нічога не гаворыцца пра тое, што ў гэты час затрыманы не можа сустракацца са сваякамі. “Дазваляць ці не спатканне, вырашае следчы”, – падкрэслівае Алег Волчак.

Праваабаронца не бачыць нагодаў для адмоўнага рашэння: “У КДБ усё праслухоўваецца, усё пад кантролем, таму калі б хацелі супакоіць грамадства і сваякоў, цалкам маглі дазволіць спатканне”. Алег Волчак звяртае ўвагу на тое, што да арыштаваных ужо колькі часу не дапускаюць адвакатаў, дый лісты, што прыходзяць ад вязняў, выклікаюць вялікі сумнеў: ці самі яны іх пісалі.

“Усё гэта сведчыць пра тое, што і на зняволеных і на сваякоў аказваюць ціск, магчыма, дзеля таго, каб прымусіць іх супрацоўнічаць са следствам”, – гаворыць Алег Волчак. Праваабаронца таксама перакананы, што трымаць за кратамі палітычных лідараў няма ніякага сэнсу – яны не забойцы і не ўяўляюць небяспекі для грамадства. Таму, гаворыць Алег Волчак, Аляксандр Лукашэнка мог бы ў якасці жэсту добрай волі выпусціць палітзняволеных пад падпіску аб нявыездзе.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары