Някляеў: Плошча-2010 была патрэбная для адчування свята ў сэрцы і душы


Пра значэнне Дня Волі ў якасці нацыянальнага свята беларусаў разважае ў “Размове Мацкевіча” палітык і літаратар Уладзімір Някляеў.

Пісьменнік заўважыў, што слова “свята” мае некалькі значэнняў. Найчасцей мы ўспрымаем свята як урачыстасць, прывязаную да пэўнай падзеі або даты. Найбольш жа істотна, на думку пісьменніка, тое, што мы адчуваем: “Мы кажам: свята ў сэрцы, свята ў душы. Вось што для мяне значыць свята”.

Былы кандыдат на прэзідэнцтва заўважыў, што найважнейшы момант для яго, каб Дзень Волі быў менавіта святам пачуцця. “У тым для мяне 25 сакавіка – свята, што я да гэтай пары нашу адчуванне волі”, – падкрэсліў літаратар.

{movie}”Размова Мацкевіча”: Уладзімір Някляеў пра Дзень Волі|right|9854{/movie}

Спадар Някляеў звярнуў увагу, што сёлетні Дзень Волі незвычайны, бо беларусы адзначаюць 95-ю гадавіну абвешчэння незалежнасці БНР, а таксама шэраг іншых важных для беларускай гісторыі падзеяў: круглую дату пачатку паўстання 1863 года і 175 гадоў з дня нараджэння паўстанцкага кіраўніка – Кастуся Каліноўскага. “Мы павінны адсвяткаваць гэта ў агульнанацыянальным маштабе, бо гэта ёсцека сапраўдная наша гісторыя, гэта ёсць памкненне і хада народу да волі. Нездарма ва ўсіх канстытуцыях дэмакратычных краінаў першымі артыкуламі запісанае права на жыццё і права на свабоду. Гэта асноўныя каштоўнасці, якімі валодае чалавек і чалавецтва”, – адзначыў палітык.

Цяперашні беларускі палітычны рэжым практычна нічым не адрозніваецца ад рэжыму, які быў у часы Мураўёва-вешальніка ці ў часы сталінізму, бо любое памкненне да волі замінае ўладам ды душыцца. Цяпер у краіне кіруюць беларусы, на думку пісьменніка, якія ў сваёй душы не маюць пачуцця свабоды: “У іх няма гэтага адчування, і яны яго не могуць прадукаваць. І праблема тут не толькі ў палітыцы”.

Адчуць свята беларусам, на думку спадара Някляева, дапамаглі легендарныя Плошчы: “Я не дайшоў да Плошчы 2010 года і згубіў свята. А падчас Плошчы-2006 адчуванне свята ў мяне было. Людзі ідуць па гэта, перш за ўсё: па адчуванне свята ў сэрцы і душы, і ім гэта самае галоўнае”.

Максім Ярашэвіч, belsat.eu

Стужка навінаў