Шушкевіч: Беларусь прадае заводы, каб залатаць дзіры, але можа аказацца голай




Пра продаж расейскаму боку самых буйных беларускіх прадпрыемстваў і эканамічны суверэнітэт краіны разважае ў «Гарачым каментары” былы кіраўнік Беларусі Станіслаў Шушкевіч.

Чарговае буйное беларускае прадпрыемства можа пайсці пад малаток. Наваполацкі «Нафтан» уключылі ў чаргу на продаж расейцам. Яшчэ менш як тыдзень таму Аляксандр Лукашэнка дэклараваў, што не будзе раскідвацца «сямейным срэбрам». Сёння ж вядома, што расейскі бок разлічвае на беларускія актывы МАЗу, «Нафтану», «Інтэгралу», «Горадня-Азоту», Менскага заводу колавых цягачоў ды іншых. Што ж будзе з беларускім эканамічным суверэнітэтам?

{movie}Станіслаў Шушкевіч у “Гарачым каментары”|right|9840{/movie}

Продаж дзяржаўнай маёмасці ў замежныя рукі, на думку Станіслава Шушкевіча, азначае, што ў «беларускі дом» прыйшоў дрэнны гаспадар, якія не дае рады ў кіраванні краінаю. «Ён прадае тое, што пакінулі яму продкі. Калі гэты працэс працягнецца, то ўрэшце той гаспадар будзе голы».

Першы кіраўнік незалежнай Беларусі перакананы, што ні ў якім разе нельга прадаваць тое, што здабылі папярэднія пакаленні беларусаў. Продаж прадпрыемстваў толькі на некаторыя час залатае дзіры ў эканоміцы, перакананы спадар Шушкевіч, але можа наступіць гэткі момант, калі прадаваць не будзе чаго. Беларускі ж народ будзе толькі бяднець, бо ўвесь прыбытак, усё тое, што беларускія працаўнікі заробяць на гэтых прадпрыемствах, пойдзе ў замежжа.

Расейскія чыноўнікі, якія амаль усе – алігархі, нават без указак афіцыйнага Крамля схільныя атрымаць ласыя кавалкі. «Крэмль можа не даваць ім загадаў. Яны ведаюць, што робяць: грабі чым паболей і цягні да сябе ў Расею», – адзначыў былы лідар Беларусі.

Паводле Станіслава Шушкевіча, улады Беларусі вядуць цяпер гандаль для выратавання сваёй палітычнай сістэмы. Расейскім жа таўстасумам, якія лёгка здабылі грошы ў выніку прыватызацыі, лягчэй расстацца са сваймі сродкамі, таму менавіта расейцы імкнуцца выкупіць беларускую маёмасць з надзеяй узбагаціцца яшчэ больш. «Наўрад ці хопіць у нашай дзяржавы вытрымкі, каб прадаць гэта ў больш цывілізаваныя рукі», – мяркуе госць «Белсату».

Максім Ярашэвіч, belsat.eu

Стужка навінаў