Крымінальнай справы супраць «Arche» не будзе


Гэткую інфармацыю паведаміў 22 сакавіка бухгалтару рэдакцыі Алене Казловай адвакат – прадстаўнік інтарэсаў «Arche».

Працаўнік Дэпартаменту фінансавых расследаванняў, які займаўся правяраннем дзейнасці часопісу, паведаміў, што не ўпаўнаважаны выказвацца на гэтую тэму. У прэс-цэнтры Камітэту дзяржаўнага кантролю сказалі, што пакуль не валодаюць інфармацыяй на гэты конт.

Калі інфармацыя адпавядае рэчаіснасці, то рахунак установы, які заблакавалі летась 4 кастрычніка, мусяць разблакаваць. Раней на ўсе просьбы разблакаваць рахункі Дэпартамент фінансавых расследаванняў спасылаўся на адсутнасць «поўнага аб’ёму» фінансава-гаспадарчых дакументаў. У сувязі з фінансавымі цяжкасцямі рэдакцыя выдання не ўключыла часопіс у паштовы падпісны каталог на першае паўгоддзе 2013-га, а таксама папрасіла «Белпошту» вярнуць падпісчыкам грошы за другую палову 2012 года.

Беларускамоўнае выданне – у цэнтры ўвагі падаткоўцаў

Праблемы ў часопісу пачаліся сёлета ў верасні – у Горадні затрымалі галоўнага рэдактара часопісу Валера Булгакава. Яго звінавацілі ў незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці ды аштрафавалі. Пасля гэтага працаўнікі Дэпартаменту фінансавых расследаванняў прыйшлі ў друкарню і сканфіскавалі ўсе дакументы за апошнія два гады дзейнасці выдання.

У кастрычніку арыштавалі больш як 5000 асобнікаў кніг у Булгакава, а ў падатковую інспекцыю выклікалі заснавальніка «Arche» Андрэя Дынько. Пасля гэтага было прынятае рашэнне вызваліць Булгакава з пасады рэдактара «Arche», каб выратаваць часопіс. Тым не менш падатковая заблакавала рахункі часопісу, а працаўнікоў выдання пачалі выклікаць праз тэлефон даць тлумачэнні.

Былы галоўны рэдактар часопісу «Arche» Валер Булгакаў на пачатку лістапада пакінуў Беларусь, асцерагаючыся крымінальнага пераследу.

М.Я, belsat.eu, паводле baj.by

Стужка навінаў