Мядзведзеў збіраецца паслухаць пра катаванні ў беларускіх турмах


Прэзідэнт Расеі сустрэнецца з праваабаронцамі 1 лютага.

25 студзеня ўжо адбылося паседжанне Рады пры прэзідэнце РФ па садзеянні развіццю інстытутаў грамадзянскай супольнасці і правах чалавека. На ім рыхтаваліся да сустрэчы з Дзмітрыем Мядзведзевым, якая мае адбыцца 1 лютага.

Маскоўскі правааабаронца Сяргей Крывенка распавёў “Белсату”, што на сустрэчы кіраўніку Расеі падрабязна распавядуць пра рэальную сітуацыю ў нашай краіне: “Некалькі сябраў рады наведвалі Беларусь і яны шакаваныя тым, што зараз там адбываецца”. Паводле суразмоўцы, “пад дымавой завесай барацьбы з палітычнымі праціўнікамі” фактычна адбываецца знішчэнне ўсёй грамадзянскай супольнасці.

Сяргей Крывенка адразу заўважыў, што расейскія правааабронцы “не ацэньваюць вынікі выбараў і падрыхтоўку да іх”, мова пойдзе толькі “пра разгон мітынгу 19 снежня” і падзеях, якія мелі месца пасля яго.

Яны распавядуць, як іх беларускія калегі дапамагалі палітзняволеным афармляць іх скаргі, калі была такая патрэба, і адсочвалі, як вязняў утрымлівалі ў месцах зняволення: “… некаторыя факты ўражваюць. Тое, што людзям цягам 30 гадзінаў не давалі есці і піць, – гэта прыраўноўваецца да катаванняў”, – падкрэслівае Сяргей Крывенка.

У сваёй заяве расейскія праваабаронцы не толькі апісваюць убачыныя імі факты пераследу ў Беларусі, але і даюць Дзмітрыю Мядзведзеву рэкамендацыі: якой магла б быць ягоная рэакцыя. “У першую чаргу, выказаць сваю пазіцыю, падтрымаць грамадзянскую супольнасць і адна з самых дзейсных мер, да якой мы заклікаем прэзідэнта Мядзведзева, – далучыцца да ідэі аб узбуджэнні маскоўскага механізму АБСЕ, для пачатку адмысловага расследавання па лініі АБСЕ”, – патлумачыў суразмоўца.

Праўда, беларускія эксперты зазначаюць, што для кіраўніцтва Расеі праблема правоў чалавека ў нашай краіне – гэта толькі зручная падстава, каб ціснуць на Аляксандра Лукашэнку. “У Расеі іншыя мэты, у яе мэты ўзмацніць кантроль над Беларуссю, зрабіць яе сатэлітам”, – упэўнены палітолаг Валер Карбалевіч.

belsat.eu
https://youtu.be/ZV_d1ZD8Jjs

Глядзі таксама
Каментары