Улады Беларусі баяцца быць падманутымі?


Жыхары памежных гарадоў Беларусі ўжо даўно мараць пра тое, каб хутчэй пачаць без праблемаў ездзіць у Польшчу ці Літву без візы, але гэтыя мары споўняцца не хутка. Размовы пра малы прымежны рух паміж Беларуссю і суседнімі еўрапейскімі краінамі цягнуцца ўжо з 2008 года. Магчымасць вольнага наведання Польшчы губляюць больш за мільён грамадзянаў Беларусі, якія пражываюць у памежных рэгіёнах, у тым ліку і такіх гарадах, як Горадня і Берасце.

Што датычыць Польшчы, то ў 2011-м дамову ўжо падпісаў як польскі бок, гэтак і Аляксандр Лукашэнка, аднак паўстала нечаканая перашкода. Аказваецца, у беларускім консульстве няма адмысловых прынтараў для друку адмысловых карт-пропускаў. Нібы польская фірма раптам сарвала папярэднюю дамоўленасць і не паставіла беларусам неабходнае абсталяванне.

Сёлета – новая перашкода. Паводле прэс-сакратара МЗС Беларусі Андрэя Савіных, польскі ўрад мае “жорсткую антыбеларускую пазіцыю”, таму ўступленне ў сілу пагаднення бліжэйшым часам не плануецца.

{movie}Савіных і гарадзенцы пра варожасць з боку Польшчы|right|9807{/movie}

Прадстаўніца польскага інстытуту міжнародных справаў Анна Дынэр нагадвае, што такую рэторыку афіцыйны Менск вядзе ўжо другі год. Маўляў, Варшава ёсць галоўным спонсарам пятай калоны, імкнецца да змены дзяржаўнай мяжы, каб захапіць Горадню і Берасце і гэдак далей.

“Але мы са свайго боку ўвесь час нагадваем пра тое, што Польшча ратыфікавала гэтую дамову і чакае кроку з боку Беларусі. Калі паглядзім на колькасць людзей, што маглі б атрымаць карысць ад гэтай дамовы, то гэтая дамова больш важная для беларускага боку”. – кажа спадарыня Дынэр.

{movie}Анна Дынэр у “Гарачым каментары”|right|9806{/movie}

У сваю чаргу палітолаг Аляксандр Класкоўскі кажа, што польскі бок мае большую зацікаўленасць у гэтым пагадненні, таму не трэба перабольшваць жорсткасць антыбеларускай пазіцыі. Варшава мае строгую пазіцыю ў дачыненні уладаў Беларусі ды палітычнага рэжыму краіны.



“Пакуль не пачнецца нейкае паэтапнае разблакаванне двухбаковых дачыненняў з Еўропай увогуле, дагэтуль улады Беларусі будуць падвешваць гэтае пагадненне”
, – зазначыў ён З боку ўраду дзяржавы ёсць перасцярога ў тым, што калі яны выпусцяць палітвязняў ці выканаюць некаторыя ўмовы Польшчы, то атрымаюць нуль і застануцца падманутымі. Пакуль існуе ўзаемны недавер, справа не зрушыцца з месца. Беларускі бок зацікаўлены ў паляпшэнні адносінаў з Еўразвязам, аднак толькі на прынцыпах роўнасці і ўзаемапавагі.

Што датычыць перспектываў завяршэння працэсу паводле аналагічнага пагаднення з Літвою, то, як паведаміў Савіных, беларускі бок працягвае аналіз практычнага прымянення і назапашвання досведу. Аднак Класкоўскі зазначыў, што дамова з Вільняю гатовая, і таму ўступленне ў сілу пагаднення можа адбыцца хутчэй, чымся з Польшчаю. Для гэта літоўскаму боку трэба пазбягаць крытыкі Беларусі як “апошняй дыктатуры Еўропы”. Тым часам пагадненні з Латвіяй працуюць, хоць і ў тэхнічным рэжыме, аднак гэта паказвае, што дамова магчымая.

А.Я., belsat.eu

Стужка навінаў