Акцыя ў Празе. Прэзідэнта Чэхіі заклікалі паспрыяць дэмакратыі ў Беларусі


Прадстаўнікі беларускай і чэшскай грамадскасці сабраліся 20 сакавіка з бел-чырвона-белымі сцягамі ў Пражскім Градзе ля рэзідэнцыі прэзідэнта Чэшскай Рэспублікі Мілаша Зэмана.



Удзельнікі акцыі, якую зарганізавалі Беларускі дом у Празе і Маладыя еўрапейскія федэралісты (МЕФ), выказалі свой пратэст супраць дыктатуры Лукашэнкі.

Такія акцыі вельмі патрэбныя, – мяркуе намесніца кіраўніка МЕФ Уладзька Елінкава. – Менавіта такія вулічныя гэпэнінгі прымушаюць грамадства звярнуць увагу на праблему і нават змяніць стаўленне палітыкаў да беларускай тэмы, падштурхнуць іх стаць больш актыўнымі ў абароне Беларусі”.

Падчас пікету Уладзька Елінкава і кіраўнік Беларускага дому ў Празе Наталля Маковік перадалі ліст Мілашу Зэману, у якім заклікалі прэзідэнта максімальна актыўна падтрымаць дэмакратычных актывістаў і палітвязняў Беларусі. У сваім звароце ўдзельнікі акцыі нагадалі, што спадар Зэман калісьці прынцыпова адмовіўся сустрэцца з Лукашэнкам і замест таго правёў перамовы з Мікалаем Статкевічам. Яны таксама звярнуліся да прэзідэнта з просьбаю распачаць перамовы з беларускімі дэмакратычнымі актывістамі ды падтрымаць “Беларускія дні ў Празе”, якія маюць адбыцца 18–22 красавіка.

Чэшскія і еўрапейскія медыі не вельмі цікавяцца беларускімі падзеямі, хоць паміж намі ляжыць толькі Польшча. Для чэхаў Беларусь – блізкая, але невядомая краіна. Мы вельмі спадзяемся, што сваймі імпрэзамі пераканаем чэхаў не быць абыякавымі да беларускай трагедыі. А Мілаш Зэман, не гледзячы на свой “прарасейскі” імідж, не будзе ігнараваць праблему суверэнітэту і дэмакратызацыі нашай краіны”, – скаментавала Наталля Маковік.

М.Я., belsat.eu, паводле БелаПАН

Стужка навінаў