У Празе адбылася дыскусія з удзелам Агнешкі Рамашэўскай-Гузы і прэзентацыя фільмаў «Белсату»


Дырэктар тэлеканалу «Белсат» Агнешка Рамашэўская-Гузы была галоўнаю госцяю на сустрэчы «Тэлебачанне «Белсат» і пабудова грамадзянскай супольнасці ў Беларусі», якую арганізавалі Польскі інстытут у Празе і чэшская пазаўрадавая арганізацыя «Člověk v tísni» («Чалавек у бядзе»).

Сустрэча адбылася 20 сакавіка ў Польскім інстытуце ў Празе. Разам са спадарыняю Рамашэўскаю-Гузы ў ёй прыняла ўдзел Пэтрушка Шустрава, вядомая дысідэнтка 1980-х і прэс-сакратарка «Хартыі’77», якая пасля падзення камуністычнага рэжыму стала намесніцаю міністра ўнутраных справаў, цяпер – публіцыстка і перакладчыца, а таксама ганаровы прэзідэнт асацыяцыі «Грамадзянская Беларусь».

Дыскусія была звязаная з прэм’ераю ў Празе фільму «Viva Беларусь», што адбудзецца падчас Міжнароднага кінафестывалю «Febiofest». Перад сустрэчаю паказалі 2 дакументальныя фільмы «Белсату»: «Страх у краіне спакою» Кацярыны Бортнік і «Найвышэйшая мера» Сяргея Ісакава.

АК, СП belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары