Аляксандр Алесін у “Гарачым каментары”


Тэракты – вынік звычайнай расейскай недысцыплінаванасці, упэўнены вайсковы аглядальнік выдання “Белорусы и рынок”.

“Карані тэрарызму не ліквідаваныя, гэтая вайна будзе цягнуцца дзесяцігоддзямі, бо “чэчэнскае грамадства – гэта традыцыйнае грамадства, дзе вельмі моцныя кроўныя сувязі, і таму, калі расейскія войскі спрычыніліся да рэпрэсіяў альбо забілі кагосьці ў Чэчэніі, то ягоныя крэўныя мусяць адпомсціць”, – кажа Аляксандр Алесін.

Аглядальніка не здзівіла, што смяротнік здолеў прайсці ў залу аэрапорту з выбуховым ладункам на сабе. “Гэта вынік звычайнай расейскай недысцыплінаванасці. Абсалютнае грэбаванне сваімі абавязкамі, “калі начальнік не бачыць”, – звычайная рыса ўсіх таталітарных сістэмаў. Яны не зацікаўленыя зрабіць болей, чым загадваюць інструкцыі”, – каментуе эксперт.

Нягледзячы на тое, што нашая краіна фактычна не мае мяжы з Расеяй, Аляксандр Алесін не бачыць тэрарыстычнай пагрозы для Беларусі. Прынамсі, з боку Каўказу. На ягонае меркаванне, чэчэнская супольнасць, якая ёсць у Беларусі, настроеная выключна мірна. Перадусім таму, што беларускія вайскоўцы не вядуць ваенных дзеянняў у Чэчэніі. “Аднак калі згодна з дамовай АДКБ нашыя спецслужбы ўцягнуцца ў гэты канфлікт, то натуральна, яны сустрэнуцца з фундаментальным ісламізмам, што дзеіць на ўсёй тэрыторыі, населенай мусульманамі”, – папярэджвае вайсковы аглядальнік.

belsat.eu

Стужка навінаў