Менск блакуе малы прымежны рух праз "антыбеларускую пазіцыю" Польшчы


Больш за мільён жыхароў Гарадзеншчыны і Берасцейшчыны маглі б наведваць суседнюю Польшчу без візаў. Аднак афіцыйны Менск блакуе ўвядзенне малога прымежнага руху, спасылаючыся на “антыбеларускую пазіцыю” Польшчы.

“Што да пагаднення з Польшчаю, то ўводзіць яго пакуль не плануем. Гэта звязанае з дастаткова жорсткаю антыбеларускаю пазіцыяй, якую займае ўрад Польшчы”, – заявіў прэс-сакратар Міністэрства замежных справаў Андрэй Савіных падчас брыфінгу.

Пагадненне наконт малога прымежнага руху падпісалі яшчэ ў 2010 годзе. Тады прагназавался, што яно запрацуе напоўніцу ўжо ўвесну 2012 года, аднак гэтага не адбылося праз тое, што дакумент не прайшоў унутрыдзяржаўныя працэдуры ў Менску. Польшча ж пагадненне ўжо цалкам ратыфікавала.

Паводле дамовы, малы памежны рух мае распаўсюджвацца на 89 беларускіх і 93 польскія населеныя пункты ў адлегласці 30 кіламетраў ад беларуска-польскай мяжы. Жыхарам гэтых тэрыторыяў непатрэбныя будуць візы, гэтак жыхар беларускага прымежнага гораду зможа атрымаць у польскім консульстве адмысловы дазвол, які дае права на шматразовае мінанне мяжы і перабыванне на 30-кіламетровай тэрыторыі Польшчы да 90 дзён цягам 6 месяцаў. Дазвол мае каштаваць 20 еўраў, для дзяцей, інвалідаў і пенсіянераў – бясплатна.

Міхась Ліхтаровіч, belsat.eu

Стужка навінаў