Вынікі дня


Калі вы прапусцілі штосьці важнае, альбо не маеце часу на прагляд усёй стужкі навінаў – кароткае падсумаванне падзеяў у Беларусі і свеце. Якім быў гэты дзень вачамі нашых журналістаў.

{movie}Вынікі дня (20.03.2013)|right|9799{/movie}

ВІЗІТ У СІНГАПУР

Распачаўся афіцыйны візіт беларускай дэлегацыі на чале з Аляксандрам Лукашэнкам у Сінгапур. У праграме паездкі – сустрэчы з прэзідэнтам і прэм’ер-міністрам краіны, а таксама падпісанне шэрагу міжнародных дакументаў. Ужо адбылася сустрэча Лукашэнкі з кіраўніцтвам холдынгавай кампаніі “Рыяда груп”, у час якой абодва бакі абмеркавалі магчымасць удзелу Беларусі ў нафтагазавых праектах і імпарту ў рэгіён прадукцыі беларускага машынабудаўніцтва.

СЯЛО ГІБЕЕ

На дзевяць з паловаю адсоткаў у параўнанні з аналагічным леташнім перыядам у студзені знізіўся прыбытак беларускай сельскай гаспадаркі. Паводле Белстату, амаль у два з паловаю разы вырасла колькасць стратных прадпрыемстваў, а іх даўгі пацяжэлі ажно ў чатыры з паловаю разы.

АТРУТА ВАЙНЫ

Прынамсі 26 чалавек забітыя і больш за сто параненыя ў выніку ракетнага абстрэлу ў раёне сірыйскага гораду Алепа. Улады краіны і паўстанцы абвінавачваюць адзін аднаго і ў выкарыстанні хімічнай зброі. Грамадзянская вайна ў Сірыі за два гады забрала жыцці ўжо каля 70-ці тысяч асобаў.

НАСУСТРАЧ РАСЕІ

Прэзідэнт Кіпру правёў перамовы са сваім расейскім калегам адразу пасля адмовы кіпрскага парламенту прыняць антыкрызісны «план ратавання», прапанаваны Бруселем. Цяпер жа ўсе дэпазіты на астраўных банках замарожаныя, каб прадухіліць рэзкі адток і не пагоршыць праблемы з ліквіднасцю. Наўзамен дадатковага фінансавання Кіпру, Расея можа атрымаць буйны пакет акцыяў у нацыянальнай газавай кампаніі, а таксама іншыя прэферэнцыі ў энергетычным сектары.

ВЕЧНЫ САЮЗ

ЗША і Ізраіль назаўжды застануцца саюзнікамі, заявіў амерыканскі прэзідэнт Барак Оўбама пасля прылёту ў Тэль-Авіў. У межах першага пасля пераабрання візіту на Блізкі Усход кіраўнік Белага дому апроч Ізраілю мае наведаць Палестынскую аўтаномію ды Іярданію. Галоўная задача Оўбамы – спроба аднавіць араба-ізраільскі мірны працэс і пераканаць Ерусалім у гарантыях ЗША ў сувязі з іранскаю ядраваю пагрозаю.

В.Р., М.Я., belsat.eu

Стужка навінаў