У Баранавічах міліцыя адмовілася выходзіць у Дзень Волі


Адмова баранавіцкіх міліцыянтаў прысутнічаць на пікеце, запланаваным на 25 сакавіка, стала падставаю для забароны акцыі.

Афіцыйнае паведамленне пра гэта атрымаў ад гарадскіх уладаў арганізатар пікету, кіраўнік руху «За Свабоду» ў Баранавічах Віктар Сырыца. Актывіст планаваў падчас акцыі выкарыстаць бел-чырвона-белы сцяг і лозунг «Чаму сённяшняя ўлада не прызнае БНР?». Намеснік старшыні гарвыканкаму Дзмітрый Касцюкевіч паведаміў дзеячу, што ў сваёй заяўцы на вулічную акцыю спадар Сырыца не выканаў неабходных ўмоваў Закону аб масавых мерапрыемствах і пастановы гарвыканкаму аб масавых мерапрыемствах.

Віктар Сырыца. Фота belsat.euВіктар Сырыца. Фота belsat.euЯк распавёў Віктар Сырыца – гэтымі нявыкананымі ўмовамі сталася нежаданне міліцыянтаў прысутнічаць на пікеце: «Я паспяхова заключыў дамовы на абслугоўванне пікету з медыкамі ды камунальнаю гаспадаркаю, а ў міліцыю звяртаўся ажно тры разы, і яны не захацелі заключыць гэткай дамовы. А ўжо потым, на гэтай падставе, гарвыканкам забараніў пікет. У Баранавічах ужо не першы раз дзейнічае такая схема, калі праз адмову міліцыянтамі абслугоўваць акцыю гарвыканкам забараняе пікет. Гэта адпрацаваны прыём, дзякуючы якому былі сарваныя ўжо дзясяткі масавых мерапрыемстваў у Баранавічах».

Паводле спадара Сырыцы, справаю абслугоўвання пікету займаўся маёр МУС Павел Кульгавік. Заключаць дамову з арганізатарам акцыі ён не спяшаўся, адзначыўшы, што міліцыя мае права гэта зрабіць цягам 15 дзён. За гэты тэрмін, аднак, гарвыканкам паспеў акцыю забараніць. Цяпер жа на ўсе звароты баранавіцкага актывіста маёр Кульгавік адказвае, што пікет ужо забаронены баранавіцкімі ўладамі.

Віктар Сырыца збіраецца напісаць на маёра Кульгавіка скаргу ягонаму начальніку, а таксама звярнуцца ў суд.

Масава святкаваць Дзень Волі і 95-я ўгодкі абвешчання Беларускай Народнай Рэспублікі дазволілі пакуль толькі ў Менску. Вулічнае шэсце з гэтай нагоды адбудзецца ў Менску 24 сакавіка. Удзельнікі збяруцца а 12:00 перад кінатэатрам «Кастрычнік» і пройдуць па праспекце Незалежнасці да парку Дружбы народаў, дзе пройдзе мітынг. 25 сакавіка адбудзецца ўрачыстае ўкладанне кветак да помнікаў Янку Купалу, Якубу Коласу і Максіму Багдановічу (пачатак а 11:00), а затым – выніковая канферэнцыя на ўправе БНФ (пачатак а 15:00).

У іншых рэгіёнах Беларусі масавых мерапрыемстваў да Дня Волі не дазволілі.

Да 95-х угодкаў БНР канал «Белсат» здыме святочны ролік, які з’явіцца ў эфіры тэлеканалу і на сайце.

Кастусь Будчак, belsat.eu

Стужка навінаў