Паводле берасцейскага суда, абразіць незалежнага журналіста можна толькі матам


Сёння ў Маскоўскім судзе Берасця скончыўся судовы працэс паводле справы абароны гонару, годнасці і дзелавой рэпутацыі паміж незалежнай фотажурналісткай Міланаю Харытонавай і карэспандэнтам дзяржаўнага выдання “Брестский вестник” Уладзімірам Міневічам.

Больш за год таму Мілана здымала акцыю «Хопіць друкаваць фанцікі». На пешаходнай вуліцы Савецкай актывісты грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» раскідалі дробныя купюры наміналам 10–100 рублёў з надпісам «Хопіць друкаваць фанцікі. ШОС». Інфармацыя пра акцыю з’явілася на сайце кампаніі БелаПАН і была перадрукаваная парталам «Виртуальный Брест».

Уладзімір МіневічУладзімір МіневічУ выніку на рэгіянальным партале пад матэрыялам Міланы з’явіліся 3 абразлівыя каментары на адрас журналісткі. Харытонава напісала заяву ў міліцыю, каб абразніка знайшлі. Чамусьці зрабіць гэта праваахоўнікі здолелі толькі пасля звароту ў пракуратуру. Аўтарам зняважлівых выказванняў аказаўся карэспандэнт газеты берасцейкага гарвыканкаму Уладзімір Міневіч.

У спадара Міневіча было дастаткова часу, каб выбачыцца перад дзяўчынаю, але працаўнік дзяржаўнай газеты гэтага рабіць не стаў. Тады Мілана Харытонава падала пазоў у суд аб абароне гонару, годнасці і дзелавой рэпутацыі на карэспандэнта «Брестского вестника». Яна патрабавала зняпраўдзіць неадпаведныя рэчаіснасці звесткі, якія ганяць ейны гонар, годнасць, а таксама дзелавую рэпутацыю журналіста, выплаціць грашовую кампенсацыю памерам Br 3 млн, а таксама кампенсаваць судовыя выдаткі.

{movie}Мілана Харытонава: Я ў лёгкім шоку ад рашэння суда |right|9779{/movie}

Падчас першага слухання на працэс не пусцілі журналістаў. Пасля 4 паседжанняў прызначылі лінгвістычную экспертызе. Яе правядзенне даручылі эксперту філалагічнага факультэта Берасцейскага дзяржаўнага ўніверсітэту. Гэтак супала, што менавіта там вучыўся Міневіч. Прычым эксперт нават не мае ліцэнзіі для правядзення гэтага віду дзейнасці. А патрабаванне Харытонавай даручыць правядзенне працэдуры незалежнаму эксперту з ліцэнзіяй суддзя Таццяна Ісаева адхіліла.

Адмыслоўца прыйшоў да высновы, што абразаю можна палічыць толькі нецэнзурную лаянку. На судзе Міневіч не скарыстаўся з паслугаў адваката, не прывёў ніводнага доваду для сваёй абароны і прызнаўся ў тым, што гэтыя каментары пісаў менавіта ён.

Але не гледзячы на гэта суддзя Таццяна Ісаева задаволіць позву Міланы Харытонавай адмовіла і запатрабавала з яе аплату экспертызы – Br 1,5 млн. Журналістка з гэткаю пастановаю суда не згодная і збіраецца абскардзіць яе ў абласным судзе.

У.Ш., belsat.eu

Стужка навінаў