Складанку «Песні касінераў» збіраюць у Берасці


Да 150-годдзя паўстання 1863 года выйдзе кружэлка з песнямі, прысвечанымі тым падзеям. З такой ідэяй выступіла берасцейская культурна-асветніцкая ініцыятыва «Грунт».

Як распавёў кіраўнік ініцыятывы Віктар Клімус, дыск будзе складацца прыблізна з 30 песень: «Музыка – гэта важная частка любой культуры, пагатоў, культуры моладзевай. Музыка адлюстроўвае самыя актуальныя пачуцці грамадства. Тое, што знаходзіць увасабленне ў песнях, застаецца з людзьмі назаўжды. Паўстанцы Каліноўскага ўзгадваюцца ў творчасці беларускіх музыкаў надзвычай часта. Але вось спробаў сабраць хаця б значную частку тых песень пад адною вокладкаю на маёй памяці не было. У нашай складанцы, мяркуецца, будзе каля 30 песень. Але гэта не канчатковая лічба. Цяпер мы прымаем песні ад выканаўцаў і просім дазволу вядомых спевакоў, на размяшчэнне іхных песень. Ужо сваю згоду нам далі музыка Vinsent, бард Зміцер Бартосік і гарадзенскі гурт «DZIЕCIUKI». Прапановы можна дасылаць нам на пошту grunt.brest.by@gmail.com».

{movie}http://www.youtube.com/watch?feature=player_embedded&v=B_M4g5zqQrc|right|9778{/movie}

Віктар Клімус зазначыў, што дыск выйдзе накладам колькі соцень асобнікаў і будзе раздавацца на імпрэзах «Грунту», прысвечаных паўстанню 1863 года.

Складанка «Песні касінераў» – частка грамадска-асветніцкай кампаніі «Шляхамі касінераў», якую ладзіць ініцыятыва «Грунт». У межах гэтай кампаніі актывісты ўжо выдалі газету «Мужыцкая праўда» да юбілею паўстання 1863 года .

Сёлета адзначаюць 150-ыя ўгодкі паўстання Каліноўскага. У студзені ў Беларусі прайшла навуковая канферэнцыя, на якой дзяржаўныя ідэолагі назвалі Кастуся Каліноўскага экстрэмістам і хуліганам, які «глыбока ненавідзеў беларускі народ».

Кастусь Будчак, belsat.eu

Стужка навінаў