Сяргей Навумчык: Лукашэнка здасць Беларусь імгненна


Аднаўленне дыялогу паміж Менскам і Бруселем магчымае. Еўразвяз традыцыйна патрабуе вызвалення палітвязняў, а Беларусь хоча адмены візавых санкцыяў. Магчыма, наконт гэтых пунктаў будзе весці перамовы спавяшчальнік Еўрапарламенту Юстас Паляцкіс.

{movie}Сяргей Навумчык у “Гарачым каментары”|right|9764{/movie}

Лідар руху “За свабоду” Аляксандр Мілінкевіч мяркуе, што скіраванне Паляцкіса ў Менск азначае патрэбу Бруселю мець некрытычную ацэнку сітуацыі ў Беларусі. Тым часам улады не падаюць сігналаў пра магчымасць выхаду на свабоду кагосьці з вязняў сумлення, хоць саміх рэпрэсіяў паменела.

Намеснік старшыні Рады БНР Сяргей Навумчык узгадвае, што спадар Паляцкіс быў сярод літоўскіх дэпутатаў, якія ў 1991 годзе ў парламенце адстойвалі незалежнасць краіны. Тады апазіцыя БНФ выехала ў Вільню, каб патрымаць літоўскіх калегаў. “Цяпер беларуская дэмакратыя, беларускі рух за незалежнасць вымагае падтрымкі і Літвы, і ЕЗ. Праблема ў тым, што Аб’яднаная Еўропа не мае стратэгіі ды канцэпцыі ў дачыненні Беларусі. Апошнімі гадамі гэтая палітыка спантанная, яна залежыць ад рухаў Лукашэнкі – гэта ён навязвае сваю ініцыятыву”, – зазначае Сяргей Навумчык.

Гэтым разам Брусель ізноў робіць першы крок, не дачакаўшыся вызвалення палітычных вязняў. Cпадар Навумчык нагадвае пра папулярную апошнім часам думку, што паколькі на сёння менавіта Лукашэнка ёсць адзіны рэальны гулец на палітычнай сцэне Беларусі, то яго і трэба падтрымліваць, каб ён заставаўся гарантам незалежнасці краіны: “Лукашэнка здасць Беларусь імгненна, як толькі ў яго будзе гарантыя шапкі Манамаха ў Маскве. Я ўсё ж такі ведаю яго з 1990-га года. І ўсе тыя крокі, што ён рабіў – гэта і знішчэнне беларускай мовы ды культуры, і перадача бюджэтаўтваральных аб’ектаў у рукі Масквы, і вайсковая палітыка – ёсць падтрыхтоўкаю да здачы Беларусі Расеі”.

Паводле госця “Гарачага каментара”, Еўразвяз можа паўтарыць памылку 2010 года, калі паверыць магчымасці дыялогу з кіраўніком Беларусі.

У.Ш., belsat.eu

Стужка навінаў