У Беларусі з’явілася сацыяльная сетка для аматараў кніг


Адмысловы падарунак для аматараў чытаць з’явіўся на прасторах Байнэту. Гэта сацыяльная сетка для кнігалюбаў, пляцоўка, дзе можна чытаць пра кнігі ды пісаць пра кнігі, дзяліцца ўражаннямі і знаходзіць сяброў. Стваральнікаў сайту абурыла несправядлівасць: у Беларусі, дзе ёсць літаратура, дагэтуль няма асобнага кніжнага сайту.

{movie}Агляд падзеяў культуры (19.03.2013)|right|9763{/movie}

“Гледзячы паводле колькасці наведнікаў на літаратурных фэстах і некаторых кніжных прэзентацыях, можна сказаць, што цікавасць да літаратуры ёсць, хаця яе трэба неяк падаграваць”, – кажа рэдактарка Bookster.by Аляксандра Дорская.

Каб пачаць уласнае літаратурнае жыццё, дастаткова проста зарэгістравацца. Bookster.by запрашае сустракацца букваедаў усіх кшталтаў: чытачоў, пісьменнікаў і літаратурных крытыкаў. Ужо сёння тут можна пачытаць рэцэнзіі на выданні апошніх часоў, інтэрв’ю і пакідаць допісы.

“Для нас ужо піша крытык Ціхан Чарнякевіч, Павел Абрамовіч, Жанна Капуста, Таццяна Заміроўская, – пералічае Дорская. – Адная з нашых асноўных задачаў сёння – знайсці новых аўтараў”.

У распараджэнне карыстальнікаў трапляе і каталог беларускай літаратуры, дапамагаць пашырэнню якога можа кожны: дадаючы свае ўлюбёныя кніжкі.

“У нас будуць кніжныя агляды, інтэрв’ю з пісьменнікамі, рэцэнзіі на беларускія і замежныя навінкі, у чарзе ўжо стаіць некалькі літаратурных прэм’ераў, – кажа Дорская. – Літаральна на вачах чытача будзе перакладацца кніга Макса Фрая “Казкі старой Вільні”. Мы плануем штотыдзень выкладаць па адной казцы ў перакладзе на беларускую мову і ілюстрацыі да яе, атрымаецца такі літаратурны серыял”.

Іншыя тэмы: французскае ды нямецкае кабарэ ад гурта “Серебряная свадьба” ды касмічны канцэрт сінці-поп-трыа “Кассиопея”.

Адэля Дубавец, belsat.eu

Стужка навінаў