Музей строгага рэжыму


«Не мае аналагаў ва ўсходнееўрапейскіх краінах», «абсталяваны паводле апошняга слова мультымедыйнай тэхнікі» – гэта апісанні Музею сучаснай беларускай дзяржаўнасці, які пераконвае кожнага наведніка ў слушнасці абранага амаль 20 гадоў таму палітычнага курсу краіны.

Даступны закрыты музей

Ініцыятыва стварыць музей, які сімвалічна месціцца ў будынку Адміністрацыі прэзідэнта, належыць самому Аляксандру Лукашэнку. Аглядаючы экспазіцыю, ён загадаў зрабіць яе максімальна адкрытаю і даступнаю ўсім грамадзянам краіны. Тым не менш правілы наведвання нагадваюць хутчэй рэжымны аб’ект, чымся турыстычную цікавостку.

Каб азнаёміцца з гісторыяй росквіту сацыяльна арыентаванай дзяржавы, неабходна падаць пашпартавыя звесткі, каб іх спраўдзілі службы бяспекі. Набыць квіток можна мінімум праз 3 дні і толькі ў Нацыянальным гістарычным музеі: сваёй касы на Карла Маркса, 38 няма. Кошт – Br 20 тыс. за ўваход і Br 35 тыс. за экскурсію, адмовіцца ад якой нельга. У фае Адміністрацыі праходзіце праз металашукальнік, паказваеце торбу ці заплечнік.

«Гэта музей прадстаўнічага класу, − разважае мастацтвазнаўца Сяргей Харэўскі. – Ён ілюструе ўяўленні кіраўніцтва краіны пра тое, якою яна, гэтая краіна, ім бачыцца і якою мусіла б быць».

Сканструяваныя поспехі

Наведніка сустракае інсталяцыя мадэляў самых вядомых будынкаў Беларусі: і сучасных, і гістарычных (тыя, што з пафасам адрэстаўравала дзяржава). Натуральна, ні знесеных дамоў старой Горадні, ні разбуранага Крэўскага замку не рэпрэзентавалі.

Экскурсію распачынае выстава гістарычных дакументаў. Бачым заяву дэпутата Лукашэнкі да ўдзелу ў выбарах, ягоную перадвыбарную ўлётку, бюлетэнь другога туру выбараў 1994 года, а побач – талоны на прадукты як знак крызісу перабудовы.

На лічбавым экране можна паглядзець відэа пра першыя выбары ў Беларусі ды тагачасныя сацыяльныя рэаліі. Кадры, аднак, падабраныя абачліва: на іх няма іншых кандыдатаў на прэзідэнцтва, а людзі на дэманстрацыях паказаныя без нацыянальных сімвалаў у руках.

Наведнік музею мае шанец дакрануцца да Канстытуцыі, на якой Лукашэнка ў 2011 годзе прыносіў свае прэзідэнцкія клятвы.

Наступныя залы прадэманструюць поспехі беларускай навукі ды прамысловасці: распрацоўкі медычнай галіны, узоры рэчыцкай нафты, калійнай солі ды іншае.

Выстаўленыя штучна вырашчаныя каштоўныя камяні, найбольш паспяховыя гатункі зерня і нават прыклады футраных вырабаў. Усю экспазіцыю суправаджаюць фотаздымкі лідара краіны, датычныя той ці іншай сферы.

Не абышлося, вядома, без напаміну пра нашыя спартовыя дасягненні. За вітрынамі – алімпійскія медалі беларускіх спартоўцаў, іхныя парадныя касцюмы і амуніцыя, у тым ліку ракеткі Вікторыі Азаранкі ды Максіма Мірнага, пальчаткі трагічна загінулага хакеіста Руслана Салея.

Захоўваецца тут і Кубак прэзідэнта для пераможцы чэмпіянату па хакеі. Ён важыць 18 кілаграмаў.

Але, бадай, самая дарагая зала – аддзел падарункаў кіраўніку дзяржавы. Аляксандр Лукашэнка перадаў музею ордэн Лібэртадор (ордэн Вызвольніка) ад Уга Чавэса, ордэн Рыцараў труны Божай ад Патрыярха Іерусалімскага Дыядора І, макет палацу Ак Арда ад Нурсултана Назарбаева і… ўзнагароду «Ганаровы мецэнат і Дабрадзей Свету», «Добры Анёл Свету» ад дабрачыннага фонду «Мецэнаты стагоддзя».

Тут таксама можна пабачыць сувеніры ад кіраўніцтва КНР, Ірану, Узбекістану, Татарстану, тэлеканала «Аль-Джазійра», а таксама ад прыватных асобаў, такіх, як Генадзь Зюганаў. Прэзідэнт пажадаў выставіць і падарунак ад школьніка Рыгора Слівы: таленавіта змайстраваная мадэль фрэгату.

Разам з тым відавочна, што выстаўленыя экспанаты – толькі мізэрная частка атрыманых за 19 гадоў падарункаў. Кіраўніцтва музею завярае, што не ўсе падарункі ўдалося выставіць у музеі, таму частка з іх трымаецца ў сховішчы. Найбольш скандальнымі дарамі прэзідэнту сталі эксклюзіўны аўтамабіль маркі «Maybach» і гадзіннік (верагодна, «Patek Philippe»), падораны, паводле Лукашэнкі, на ягоныя народзіны. Адорвалі кіраўніка Беларусі і жывымі істотамі – чорным лабрадорам і пеўнем.

Падарункі Лукашэнку

Нягледзячы на здзейснены замах да ўнікальнасці ў маштабах рэгіёну, Сяргей Харэўскі не схільны выдзяляць музей дзяржаўнасці з шэрагу дробных ведамасных музеяў. «Мала хто бываў у музеі пажарных, музеі заалогіі ці старажытнабеларускага мастацтва. А ці шмат Вы ведаеце пра музей кааперацыі?», − задаецца пытаннем даследчык.

З часу адкрыцця ў чэрвені 2012 года музей дзяржаўнасці наведалі ўсяго каля 2 тыс. гасцей. Гэта даволі нізкая лічба, калі параўнаць з наведвальнасцю ў іншых музеях. Напрыклад, у музеі Вялікай айчыннай вайны бывае прыблізна 200 тыс. асобаў за год.



belsat.eu

Стужка навінаў