Чаго Лукашэнка шукае ў Інданезіі?


Кіраўнік Беларусі прыляцеў з дзяржаўным візітам у Інданезію. Ды не адзін: у складзе беларускай дэлегацыі каля 80 высокапастаўленых чыноўнікаў і кіраўнікоў найбуйнейшых прадпрыемстваў. Што змушае афіцыйны Менск шукаць партнёраў у трэцім свеце? І ці ёсць шанцы ў Беларусі наладзіць выгадную супрацу з далёкімі краінамі?

Лукашэнка прыляцеў у Джакарту з першым візітам за гісторыю двухбаковых дачыненняў. У складзе беларускай дэлегацыі, акрамя малодшага сына Колі, кіраўнікі галоўных прадпрыемстваў – ад “Белкалію” да “Белазу”. Візіт у паўднёва-ўсходнюю Азію эксперты разглядаюць у межах стратэгіі пошуку новых рынкаў для беларускіх тавараў.

{movie}Ралі Санкт-Пецярбург — Джакарта (18.03.2013)|right|9750{/movie}

ВАЛЕРЫЙ КАРБАЛЕВІЧ, ПАЛІТОЛАГ:

“Усе спробы выйсці ў іншыя краіны, у краіны трэцяга свету пакуль не даюць нейкага сур’ёзнага эфекту, пакуль новыя рынкі не знойдзеныя, але спрабаваць трэба, што і робіць Лукашэнка цяпер”.

Галоўнае, што экспартуе цяпер Беларусь на рынак Інданезіі, – калійныя ўгнаенні ды шыны, а ў перспектыве экспарт кар’ернай спецтэхнікі. Хоць лічбы двухбаковай супрацы не надаюць аптымізму. Летась таваразварот паміж краінамі знізіўся амаль у два разы і склаў 133 мільёны долараў.

ВАЛЕРЫЙ КАРБАЛЕВІЧ, ПАЛІТОЛАГ:

“Інданезія і Сінгапур не могуць даць таннай нафты і газу, даць крэдытаў у тых аб’ёмах, якія патрэбныя, не могуць даць такіх рынкаў збыту, як Расея”.

Азіяцкаму турнэ Аляксандра Лукашэнкі папярэднічаў дзяржсавет Саюзнай дзяржавы, які прайшоў у Санкт-Пецярбурзе. Вынікі дзяржсавету палітолагі ацэньваюць даволі стрымана.

АНДРЭЙ СУЗДАЛЬЦАЎ, ПАЛІТОЛАГ, МАСКВА:

“Прайшоў вышэйшы дзяржсавет, і тут высвятляецца, што не выконваецца яшчэ адна ўмова – умова экспарту нафтапрадуктаў на расейскі рынак. Яны быццам бы экспартуюцца, але кошт вышэйшы, чым на аптовым рынку Расеі, прадукцыя не прадаецца, вяртаецца назад і сыходзіць на рынак Еўразвязу”.

Беларусь дамаглася ўзгаднення графіку паставак нафты на сваіх умовах, 5,75 млн тонаў на другі квартал гэтага года. Аднак нафтавай дамовы на год дагэтуль няма, як няма і гарантыяў, што Масква дасць новыя крэдыты на 2 мільярды долараў на мадэрнізацыю беларускіх прадпрыемстваў.

АНДРЭЙ СУЗДАЛЬЦАЎ, ПАЛІТОЛАГ, МАСКВА:

“Ёсць такая палітычная формула, што ва ўладзе ў Беларусі можа быць толькі той чалавек, які вырашае беларускія пытанні ў Маскве. Нічога не патлумачыўшы, Лукашэнка хуценька сеў у самалёт і паляцеў у Інданезію на цэлы тыдзень”.

Галоўнымі гандлёвымі партнёрамі па-ранейшаму застаюцца Расея і Еўропа. Але, як кажуць, спроба не хвароба. Вынікі візіту ў Інданезію і Сінгапур можна будзе падводзіць напрыканцы тыдня. Азіяцкае турнэ кіраўніка краіны працягнецца да 22 сакавіка.

Аркадзь Несцярэнка, “Аб’ектыў”, belsat.eu

Стужка навінаў