Вынікі дня


Калі вы прапусцілі штосьці важнае, альбо не маеце часу на прагляд усёй стужкі навінаў – кароткае падсумаванне падзеяў у Беларусі і свеце. Якім быў гэты дзень вачамі нашых журналістаў.

{movie}Вынікі дня (18.03.2013)|right|9749{/movie}

Страты ад цыклону

Беларусь падлічвае страты ад цыклону Хавіер, які апанаваў краіну на выходных. Найбольш пацярпелі цэнтральныя ды ўсходнія раёны. Толькі за содні ў Менску ападкаў выпала больш, чымся за ўсю першую палову студзеня. Хавіер паралізаваў дарожны рух, пакінуў без электрычнасці толькі на Гомельшчыне больш за паўсотні населеных пунктаў, пашкодзіў шэраг будынкаў. Стыхія спрычынілася і да павелічэння больш як удвая аварыяў на дарогах. Паводле ДАІ, за апошнія дні адзначылі больш за тысячу дзвесце дарожна-транспартавых здарэнняў, дзесяць асобаў загінулі, дваццаць чатыры – параненыя.

У пошуках сяброў

Першы афіцыйны візіт у гісторыі двухбаковых адносінаў распачала беларуская афіцыйная дэлегацыя на чале з Аляксандрам Лукашэнкам у Інданэзіі. Джакарта і раней выказвала гатовасць інвеставаць у сельскую гаспадарку нашай краіны, найперш зацікаўленасць ёсць да малочнага сектару і вытворчасці макаронных вырабаў хуткага прыгатавання. Запланаваны шэраг высокіх сустрэчаў, у тым ліку з прэзідэнтам Сусілё Бамбанг Юдаёно. У гэтыя ж дні ў Джакарце адбудзецца і беларуска-інданэзійскі эканамічны форум. Затым кіраўнік Беларусі накіруецца ў Сінгапур.

«Дэпазітная бурбалка»

Сярэдняя стаўка па дэпазітах у беларускіх рублях для фізічных асобаў за тры апошнія месяцы павялічылася амаль на 14 адсоткаў і дасягнула сарака дзвюх цэлых шасці дзясятых адсотка гадавых. Гэткім чынам айчынныя банкі імкнуцца павысіць прывабнасць укладання грошай грамадзянамі ў нацыянальнай валюце. Незалежныя ж эксперты адзначаюць: улічваючы стабільны курс рубля, дэпазітныя прапановы банкаў нагадваюць, хутчэй, абяцанкі фінансавых пірамідаў і нават пераўзыходзяць іх паводле прыбытковасці.

Падатак «прытармазілі»



Тым часам парламент Кіпру адклаў да вечара аўторка абмеркаванне падатку на банкаўскія ўклады, які ўжо выклікаў хвалю абурэння як кіпрыётаў, гэтак і міжнародных кліентаў мясцовых банкаў. Паводле падлікаў, у выпадку заўтрашняга падтрымання законапраекту, толькі расейскія ўкладальнікі за адзін момант страцяць амаль два мільярды долараў сваіх ашчаджэнняў, якія захоўваюцца на Кіпры. Гэткая жорсткая і непапулярная захада ёсць адной з абавязковых умоваў Еўразвязу наўзамен прадастаўленню фінансавай дапамогі краіне.

Са школы – на вайну

Больш за мільён добраахвотнікаў папоўнілі шэрагі Паўночнакарэйскай народнай арміі. Гэткія звесткі агучыла дзяржаўная тэлевізія КНДР пад час рэпартажу з гораду Кесон, дзе адбывалася масавае падпісанне выпускнікамі сярэдніх школ заяваў пра ўступленне ў войска. Сітуацыя на Карэйскай паўвыспе ўсцяж застаецца напружаная. Пхеньян пагражае Сеулу ды Вашынгтону ядраваю вайною ў адказ на новыя санкцыі ААН і супольныя вайсковыя манеўры Паўднёвай Карэі ды ЗША.

М.Я., belsat.eu

Стужка навінаў