Бел-чырвона-белая вопратка на Дзень Волі?


Арганізатары раяць крэатыўна абыйсці забарону Менгарвыканкаму на выкарыстанне нацыянальнай сімволікі падчас вулічнага шэсця 24 сакавіка.

Паводле прадстаўніка аргкамітэту святкавання Юрася Губарэвіча з “Руху за свабоду”, ніхто не можа забараніць людзям мець урачысты настрой і годна адзначыць Дзень Волі. Забарона ўладаў, удакладніў дзеяч, тычыцца ў першую чаргу інфармацыйных плакатаў і расцяжак, але, не гледзячы на гэта, людскую калону падчас шэсця можна аздобіць святочна: “Я думаю, у людзей дастаткова фантазіі ды прыдумак, каб калона насамрэч выглядала ўрачыста”.

{movie}Юрась Губарэвіч у “Гарачым каментары”|right|9738{/movie}

Большасць беларусаў, аднак, дагэтуль абсалютна нічога не ведае пра Дзень Волі. Спадар Губарэвіч тлумачыць гэта фактычнаю забаронаю нацыянальнага свята афіцыйнымі ўладамі. Большасць беларусаў таксама не шукае інфармацыі ў інтэрнэце, бо разглядае сеціва як забаўляльную сферу, мяркуе дзеяч.

Мы выкарыстоўваем усе магчымасці, якія ў нас ёсць. На жаль, у нас існуюць абмежаванні, якія ўведзеныя ў Закон аб масавых мерапрыемствах у 2011 годзе, калі арганізатарам фактычна забаронена распаўсюджваць любую інфармацыю пра месца або час правядзення імпрэзы да атрымання афіцыйнага дазволу. У той момант, калі нам давалі такі дазвол у Менгарвыканкаме, прадстаўнікі ўлады звярнулі ўвагу, што такая інфармацыя з’яўлялася ў інтэрнэце і гэта магло стаць нагодаю для забароны правядзення мерапрыемства”, – падкрэсліў спадар Губарэвіч.

Максім Ярашэвіч, belsat.eu

Стужка навінаў