Ільготаў школьнікам і студэнтам не вернуць


Пра гэта паведамляе крыніца з Савету Міністраў.

Намеснік прэм’ер-міністра Анатоль Тозік правёў працоўную нараду наконт ільготнага праезду школьнікаў і студэнтаў. Афіцыйных звестак Савет Міністраў не падаў. прэс-служба спасылаецца на тое, што “рашэнне данясуць да кіраўніка дзяржавы”.

Нагадаем, што на IV Усебеларускім народным сходзе Аляксандр Лукашэнка даручыў ураду заняцца вяртаннем ільготаў для навучэнцаў, адначасова заявіўшы, што “неабмежаваныя ільготы – глеба для злоўжыванняў і карупцыі”.

Адразу пасля сходу ў Менску і некаторых іншых гарадах Беларусі для школьнікаў зрабілі бясплатны праезд у грамадскім транспарце. Заканадаўча гэтае рашэнне ніяк не замацавалі. У прэсавай службе “Менсктрансу” паведамілі: “Цяпер чакаем на ўказ прэзідэнта. Калі ён з’явіцца – невядома. Але да гэтага часу для школьнікаў праезд застанецца бясплатным. Наконт студэнтаў, наколькі нам вядома, аплата застанецца ранейшаю – 100%”.

Сябра моладзевай прафсаюзнай групы “Студэнцкая рада” Міхась Батушыч звяртае ўвагу на тое, што напярэдадні выбараў урад даваў студэнтам шмат абяцанняў: “І ільготы вярнуць, і вучэбныя корпусы з інтэрнатамі адрамантаваць, і дапамогу аказваць”. Калі ж студэнты прагаласавалі, і большасць – датэрмінова, урад прадэманстраваў сапраўдны “клопат”: аплату за навучанне паднялі на 30%, а кошт білетаў на праезд у грамадскім транспарце плануюць падвысіць да 1 000–1 200 руб.

belsat.eu

Стужка навінаў