«Я ж з ядравымі боегалоўкамі не сплю» – Лукашэнка патлумачыў, чаму ён не дыктатар


Кіраўнік Беларусі даў эксклюзіўнае інтэрв’ю журналістцы тэлеканалу «Russia Today», у якім фактычна прызнаў паразу ў будаванні Саюзнай дзяржавы Расеі ды Беларусі, узгадаў пра геяў і распавёў, чаму ён не дыктатар.

У тэлевізійнай версіі інтэрв’ю журналістка Сафіко Шэварднадзэ запытала Аляксандра Лукашэнку пра тое, чаму за 20 гадоў будавання Саюзнай дзяржавы дагэтуль няма ні адзінай валюты, ні іншых атрыбутаў гэткага ўтварэння. «Мы мусілі правесці рэферэндум, на якім прынялі б своеасаблівую Канстытуцыю гэтага ўтварэння, хоць дамова пэўныя элементы канстытуцыі ўтрымлівае. Але мы гэты рэферэндум не правялі, – зазначыў кіраўнік краіны. – Мы нашмат прасунуліся наперад, але не знайшлі ў сабе сілаў на рэалізацыю той пабудовы, што прадугледжвалася дамоваю. Мы з часам прышлі да таго, што мы, напэўна, да гэтага не саспелі». Лукашэнка дадаў, што, на ягоную думку, працэс стварэння Саюзнай дзяржавы даў штуршок «вельмі цікаваму новаму ўтварэнню – Мытнаму саюзу».

{movie}Інтэрв’ю Аляксандра Лукашэнкі тэлеканалу «Russia Today»|right|9729{/movie}

У адказ на пытанне пра тое, хто будзе кіраваць Беларуссю пасля яго, галава дзяржавы падкрэсліў, што не мае намеру перадаваць уладу сваім дзецям ці іншым сваякам. Што да палітычных апанентаў, якія бралі удзел у апошніх прэзідэнцкіх выбарах, Лукашэнка заявіў, што не ўспрымае іх сур’ёзна.

«Каб быць дыктатарам і падобным да нашага з вамі дзядулі Сталіна, трэба мець рэсурс. Я ж у абдымку з ядравымі боегалоўкамі не сплю? Не! У мяне вуглевадароднай сыравіны не столькі, колькі ў Уга Чавэса ў Венесуэле. У мяне прыроднага газу не столькі, як у Расеі. Каб быць дыктатарам і «дыктаваць» – трэба мець у руках рэсурс», – заявіў Лукашэнка.

Кіраўнік краіны таксама ўзгадаў сітуацыю, калі ён падчас сустрэчы з кіраўнікамі польскага і нямецкага МЗС пачаў разважаць пра гей-парады і сексуальную арыентацыю. «Сікорскі, паляк, падняў гэтую тэму, ну, і я там пачаў адказваць, а ён пачаў задаваць удакладняльныя пытанні, – узгадвае Лукашэнка. – Ну, я і выказаў сваю кропку гледжання: ладна, жанчынам лесбіянства я дарую, але «блакітнасць» мужыка – ніколі ў жыцці. Чаму? Жанчына лесбіянка, бо мы мужыкі – кепскія. А яны нічога на гэта не сказалі, проста слухалі. Я нават увагі на іхныя твары не звярнуў. А як яны паехалі, то ўсё ўзнялося. Мне потым міністр замежных справаў сказаў, што, маўляў, лепш бы вы гэтай тэмы не чапалі. Чаму, пытаю. Ну дык ён жа… Дык чаму ж вы мне раней не сказалі? А ён: дык я ж вам напісаў. А я не дачытаў проста».

М.Л., belsat.eu

Стужка навінаў