Як у Гомлі развіталіся з блінным тыднем


Пакуль сталіца змагалася з ураганам Хавіерам, праз які адмянілі цэлы шэраг культурніцкіх імпрэзаў, у Гомлі надвор’е провадам зімы не перашкаджала.

Гулянні атрымаліся насамрэч масавыя. Мясцовыя дзяржаўныя ўстановы як маглі падтрымалі канец бліннага тыдня. Так працаўнікі тубдыспансеру варажылі ўсім ахвотным за сімвалічную плату.

“Варажыць можна на чым заўгодна: на блінах, на снезе, на ботах, дый нават на грошах – на ўсім, чым толькі можна!”, – падзялілася з нашымі карэспандэнткамі працаўніца тубдыспансеру, якая ўжо актыўна пачала пазнаваць азы варажбы.

{movie}Канец бліннага тыдня ў Гомлі|right|9727{/movie}

Не адставалі ад іх і працаўнікі псіхіятрычнага шпіталю. З дапамогаю змучанага шумнымі людзьмі, холадам і пахам бліноў каня, яны паказалі абрад аб’езду маладых коней. Як прызнаўся яго гаспадар, працаўнікі шпіталю рэпрэзентавалі на свяце цыганскі народ, бо “гэта вельмі добрыя людзі: любяць прыроду і коней, жыццё і свабоду”.

Трэба прызнаць, што ў Гомлі зіма нагадвала пра сябе толькі рэшткамі сумётаў, аднак, на думку ўдзельнікаў, свята прайшло выдатна. Адзінае, што не атрымалася ў арганізатараў, – зладзіць традыцыйнае карасканне на слуп. МНС не дазволіла гэтага праз мінусавую тэмпературу.

Паводле этнографа Змітра Канаплянікава, адмененая працаўнікамі МНС забава – з’ява агульнаеўрапейская. Пакуль у Беларусі працаўнікі псіхіятрычных шпіталяў пераапранаюцца ў цыганоў, а лекары тубдыспансеру гадаюць на снезе і раздаюць бліны, у Еўропе гэты час называецца карнавалам. Пераапрананні, карасканні на слуп і спальванне пудзілаў зімы – усё гэта прысутнічае і ў нашых заходніх суседзяў.

Хоць, паводле традыцыі, сёння апошні дзень праводзінаў зімы, сіноптыкі кажуць, што развітвацца з ёю мы яшчэ будзем доўга. Нават пасля Вялікага посту, які пачнецца ўжо заўтра, у панядзелак.

У.Ш., belsat.eu

Стужка навінаў