У Варшаве ўручылі ўзнагароды “Belarus in Focus 2012”


Конкурс, арганізаваны варшаўскім Інфармацыйным бюро салідарнасці з Беларуссю ў супрацы з Press Club Polska прайшоў другі раз. Удзел у спаборніцтве бяруць працы замежных журналістаў, што пішуць пра Беларусь.

Першае месца сёлета заняў Міхал Патоцкі (Michał Potocki) з польскай газеты “Dziennik Gazetа Prawnа”. Ягоны артыкул “На скрыжаванні падваення асабовасці” апісваў сітуацыю ў Беларусі адразу пасля апошніх парламенцкіх выбараў: “Апошнія парламенцкія выбары нічога не змянілі ў Беларусі. Расце лічба апатычных людзей, якія і ўладам, і апазіцыі могуць сказаць толькі адно: пакіньце нас у спакоі. За нашай усходняю мяжою мы маем не адну, а тры Беларусі. Адна выступае пад бел-чырвона-белым сцягам і гербам Пагоняй. Над галовамі другой лунае чырвона-зялёны штандар, што мала адрозніваецца ад таго, з савецкіх часоў. А ў трэцяй, найбуйнейшай, няма ні сцяга, ні герба. Толькі дэвіз: пакіньце нас у спакоі. За гэтую маўклівую большасць змагаюцца дзве іншыя Беларусі, і ўсіх яднае страх перад іншымі”.

Другое месца атрымаў французскі журналіст Лёран Вінат’е (Laurent Vinatier). Ягоны артыкул “Апавяданні аб поспеху дыктатуры” пра беларускіх алігархаў апублікаваў “The Global Journal”.

Трэцюю ўзнагароду атрымаў шэф-рэдактар “Нашай Нівы” Андрэй Дынько за тэкст “Апошняя дыктатура Еўропы”, апублікаваны ў “The New York Times”.

Таксама атрымалі ўзнагароды Наталія Антэлава (Natalia Antelava) з Грузіі за артыкул для “Бі-Бі-Сі” “Апошні дыктатар Еўропы Лукашэнка раскрываецца”, Катажына Квяткоўска (Katarzyna Kwiatkowska) з польскага часопісу “Polityka” за артыкул “Аперацыя пераемнік” і Ян Гэнры Ванінк (Jan Henry Wanink) з нямецкага “Grafschafter Nachrichten” з тэкстам “Беларусь на ровары”.

Італьянка Сара Бікерыні (Sara Biccherini) атрымала ўзнагароду чытачоў. Ейны артыкул “Таму мы ўцяклі з Беларусі, апошняй дыктатуры Еўропы” атрымаў найбольш галасоў у інтэрнэт-галасаванні.

Сёлета ў конкурсе ўзялі ўдзел 60 артыкулаў 36 журналістаў з 16 краінаў свету.

У склад журы ўвайшлі: Палона Фрэліх (Polona Frelih), карэспандэнтка славенскай газеты “Delo” ў Маскве; праф. Дэйвід Марплз (David Marples) з Албэрцкага ўніверсітэту Канады; Олівэр Мані-Керл (Oliver Money-Kyrle) з Міжнароднай федэрацыі журналістаў; Юлія Слуцкая, дырэктарка Інфармацыйнага бюро салідарнасці з Беларуссю.

belsat.eu

Стужка навінаў