Андрэй Пачобут: Абвінавачанні знялі, але тры з чатырох экспертызаў былі для мяне негатыўныя


Спынілі следства паводле крымінальнай справы ў дачыненні журналіста Андрэя Пачобута. Ягонае віны не даказалі.

Гарадзенскага журналіста “Gazety Wyborczej” абвінавачвалі ў паклёпе на прэзідэнта Рэспублікі Беларусь на падставе публікацыяў. Пачобута затрымалі 21 чэрвеня ў гарадзенскай кватэры. Пасля ператрусу павезлі ў пракуратуру, а затым змясцілі ў следчы ізалятар. 30 чэрвеня журналіста вызвалілі пад падпіску аб нявыездзе.

Афіцыйны прадстаўнік Следчага камітэту па Гарадзенскай вобласці Сяргей Шаршаневіч паведаміў, што высновы лінгвістычных экспертызаў разыходзяцца, а падчас папярэдняга следства не здабылі аб’ектыўных звестак, якія б пацвярджалі здзяйсненне Пачобутам злачынства. Таму 15 сакавіка афіцыйнае следства ў справе супраць Пачобута спынілі.

Журналіст даведаўся пра гэта, прачытаўшы на адным з інтэрнэт-парталаў. Пазней праз свайго адваката атрымаў афіцыйнае пацверджанне ад следчых. Паводле дзеяча, улады Беларусі пайшлі на такі крок дзеля пацяплення адносінаў з Захадам: “Пачаліся нейкія закулісныя кантакты міністра замежных справаў Макея з замежнымі чыноўнікамі. Думаю, што падзея непасрэдна звязаная з гэтым”.

Спыненне справы сталася для журналіста неcпадзяванкаю, бо тры з чатырох лінгвістычных экспертызаў былі не на ягоную карысць. Гэтыя экспертызы праводзілі адмыслоўцы з Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэту, Акадэміі навук і Акадэміі кіравання пры прэзідэнту. З вынікамі экспертызаў журналіста азнаёмілі. Паводле гэтых дакументаў, віна ў паклёпе на прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і ягонай знявазе, а таксама ў дыскрэдытацыі Рэспублікі Беларусь – відавочная. Вынікі апошняй экспертызы, якая праводзілася ў Гарадзенскім універсітэце, абвінавачанаму не паказалі.

Цяпер з Андрэя Пачобута знялі падпіску аб нявыездзе, ён можа свабодна падарожнічаць па краіне. Яшчэ перад пачаткам следства журналіст планаваў зрабіць некалькі рэпартажаў, але праз накладзенае на яго абмежаванне ў перамяшчэнні не мог пакінуць Горадні. Цяпер жа журналіст хоча напоўніцу выкарыстаць свабоду для творчай працы і ўжо запланаваў некалькі сустрэчаў для інтэрв’ю з грамадскімі ды палітычнымі дзеячамі. З кім канкрэтна хоча спаткацца гарадзенец, ён не сказаў: “Як з’явіцца ў “Gazecie Wyborczej”, тады пачытаеце”.

Летам 2011 года Пачобута ўжо судзілі за “паклёп у дачыненні прэзідэнта”. Тады суд Ленінскага раёну Горадні прысудзіў яго да трох гадоў пазбаўлення волі з адтэрмінаваннем выканання на два гады. Гэты прысуд надалей дзеіць, таму Пачобут не можа выязджаць за межы Беларусі.

Максім Ярашэвіч, belsat.eu

Стужка навінаў