Стыхія выклікала небывалую хвалю салідарнасці беларусаў


На форумах прапановаў з’явілася нават адмысловая паслуга для тых, хто стаіць у корку і ў каго разладоўваецца батарэя ў тэлефоне.

На 14:00 толькі на форуме tut.by было 660 паведамленняў з просьбамі ды прапановамі дапамогі. Людзі бяруцца падвезці тых, хто мерзне на вуліцы, кіроўцам аўтаў – прывезці грошы, ежу, пледы, гарачую каву або гарбату, запрашаюць пераначаваць у цяпле побач з трасаю, а тым, хто не можа трапіць дадому, – забраць дзяцей з садочка ці школы. Калі ў кагосьці разладоўваецца батарэя ў тэлефоне, прапаноўваюць даслаць інфармацыю пра месцазнаходжанне на нумары блізкіх і знаёмых.

З’явіліся цэлыя каманды валанцёраў.

Наступствы цыклона Хавіер на 6-ю раніцы 16 сакавіка

Нягледзячы на надвор’е, за 15 сакавіка на дарогах Беларусі адбылося толькі дзевяць ДТЗ з пацярпелымі, у якіх загінулі тры чалавекі. Затое амаль удвая больш, чым звычайна, зарэгістравана дробных аварыяў: 652.

Паводле аператыўнай інфармацыі на 9:45 16 сакавіка, у выніку снегападу і ДТЗ быў абцяжараны рух на 30 адцінках аўтамабільных дарог, без току засталіся 1688 паселішчаў, паведамляе МНС. Самая цяжкая сітуацыя склалася на дарогах Менскай вобласці, дзе рух затрымаўся на 23 адцінках. Праблемныя месцы былі таксама ў Берасцейскай, Віцебскай ды Магілёўскай вобласцях. Рух не аднавіўся на чатырох трасах: Менск–Горадня (50–59-ты км), Менск–Гомель (19–76-ы і 125–132-і км), Менск–Гатава.

Працаўнікі МНС выратавалі са снежных заносаў 363 легкавыя і грузавыя аўтамабілі, рэйсавыя аўтобусы, карэты хуткай медычнай дапамогі. Агулам у іх былі 1172 чалавекі, з іх 260 дзяцей.

Паводле звестак “Белэнерга”, з 6-й гадзіны ранку 15 сакавіка да 6-й гадзіны ранку 16 сакавіка без электрычнасці былі 1688 паселішчаў.

Ва ўрадзе стварылі адмысловы штаб

У сувязі са снегападам і моцным ветрам, якія прынёс цыклон Хавіер, ва ўрадзе створылі аператыўны штаб рэагавання на непагадзь пад кіраўніцтвам намесніка прэм’ер-міністра Анатоля Калініна, паведаміла прэс-служба Савету Міністраў.

Аліна Кашкевіч, з выкарыстаннем матэрыялаў БелаПАН, belsat.eu

Стужка навінаў