Пад Менскам утварыўся 60-кіламетровы затор з фураў (фота)


Праз сумёты цяжкавікі не могуць праехаць у бок Магілёва і Гомля. Паводле некаторых ацэнак, на адным з участкаў дарогі затор расцягнуўся на 60 км.

Кардоны ДАІ закрылі выезды са сталіцы ва ўсходнім кірунку. З учорашняга дня тут збіраюцца велікагрузныя аўты. Кіроўца аднаго з іх стаіць у корку з 14-й гадзіны 15 сакавіка:

«Я дык пусты. Разгрузіўся ўжо, – кажа Сяргей. – Магу соднямі стаяць. Кіраўніцтву свайму патэлефанаваў. Цяпер стаю чакаю, пакуль дарога будзе чыстая. Хоць маю ўжо вялікае жаданне проста сесці ў аўтобус і паехаць дахаты».

Дальнабойшчыку Івану пашанцавала меней: да заўтра ён мусіць даставіць груз у Маскву.

«Транзіт у мяне малы! – шкадуе кіроўца. – Што мы можам у такой сітуацыі зрабіць? Толькі стаяць і чакаць. Адно што я хвалююся, як мытнікі будуць рэагаваць на тое, што мой рэжым парушаны».

Расейскі актор і шоўмен Іван Ахлабысцін, які ехаў у Менск на свой творчы вечар, напісаў у сваім «Тўітары», што засеў на дарозе Менск–Бабруйск. Паводле яго, уначы азяблыя аўтамабілісты палілі абапал шашы вогнішчы, каб сагрэцца. Ахлабысцін напісаў, што «калегі ў няшчасці» дапамагалі адно аднаму, чым маглі: «Нішто так не збліжае, як агульная бяда. Залатыя людзі сустрэліся на начной дарозе. Хоць я і не сумняваўся. Шанцуе мне на залатых людзей. Беларусі ёсць чым ганарыцца, нягледзячы на свінскае стаўленне яе начальства да ўласных землякоў».

16 сакавіка цэнтр цыклону «Хавіер» перамесціцца на цэнтральныя рэгіёны еўрапейскай часткі Расеі, паведамляе Гідраметэацэнтр. Сёння завірухі прагназуюцца ва ўсходняй частцы Беларусі.

МНС, ДАІ і Савет Міністраў заклікаюць жыхароў сталіцы ўстрымацца ад падарожжаў асабістым аўтатранспартам на вялікія адлегласці. «Выезд з Менску абмежаваны да стабілізацыі сітуацыі на дарозе», – абвесціла менская аўтаінспекцыя.

Аліна Каранкевіч, belsat.eu

Стужка навінаў