Лукашэнка згадаў пра Дзень прыняцця Канстытуцыі


Cвята незалежнасці, законнасці ды дзяржаўнасці. Роўна 19 гадоў таму была прынятая першая Канстытуцыя незалежнай Беларусі. Але ўжо праз два гады асноўны закон быў зменены на рэферэндуме з ініцыятывы першага і пакуль адзінага прэзідэнта краіны. Ад гэтага часу ягоныя паўнамоцтвы значна пашырыліся, а магчымасці парламенту былі істотна абмежаваныя. Згадалі пра гэта дэпутаты Вярхоўнага Савету, які быў распушчаны ў выніку прэзідэнцкага рэферэндуму.

І сёння кіраўнік дзяржавы, які паляцеў на сустрэчу з расейскім прэзідэнтам, не забыўся павіншаваць суайчыннікаў са святам. А таксама нагадаць:

{movie}Дзень Канстытуцыі (15.03.2013) |right|9714{/movie}

АЛЯКСАНДР ЛУКАШЭНКА, КІРАЎНІК БЕЛАРУСІ:

“Канстытуцыя не толькі замацавала дзяржаўны суверэнітэт Беларусі, дэмакратычныя прынцыпы ўладкавання ўлады і грамадства, але і вызначыла вектар далейшага развіцця краіны”.

Сапраўды, вызначыла. Ужо даўно “Асноўны закон” застаецца больш намінальным, чым рэальным дакументам, упэўненыя былыя беларускія заканадаўцы.

АЛЕНА СКРЫГАН, БЫЛАЯ ДЭПУТАТКА ВС:

“Самі ўлады парушаюць закон. Паводле Канстытуцыі нашая дзяржава дэмакратычная і сацыяльная, але дэмакратыі апошні час у нас вельмі мала”.

Прыклад гэтага – абмежаванне свабоды слова, гвалтоўны разгон мірных акцыяў, рэпрэсіі супраць грамадскіх актывістаў і фальсіфікацыя выбараў. А таксама непразрыстая прыватызацыя дзяржпрадпрыемстваў. Казалі пра гэта дэпутаты Вярхоўнага Савету 13-га склікання і палітыкі, якія з нагоды гістарычнага дня сабраліся абмеркаваць цалкам надзённыя пытанні. Згадвалі яны і наступствы: уласнасці ды прыватызацыі, паспяховых сацыяльна-эканамічных пераўтварэнняў у Беларусі няма.

АНАТОЛЬ ЛЯБЕДЗЬКА, АБ’ЯДНАНАЯ ГРАМАДЗЯНСКАЯ ПАРТЫЯ:

“Тое, што сёння адбываецца з уласнасцю, – гэта проста жах. Перспектыва такая, што мы можам прачнуцца ў адзін дзень – і краіна ўжо не належыць 9,5 мільёнам грамадзянаў. Гэта могуць быць замежныя манаполіі, мясцовая алігархія, але гэтая ўласнасць будзе належаць іншым людзям”.

Паводле дэпутата Вярхоўнага Савету і экс-старшыні Нацбанку Станіслава Багданкевіча, прыватызацыя ў Беларусі не празрыстая, бо ніхто не ведае, якія прадпрыемствы прыватызуюцца, за колькі іх прадаюць і куды ідуць гэтыя сродкі.

СТАНІСЛАЎ БАГДАНКЕВІЧ, БЫЛЫ ДЭПУТАТ ВС:

“Мы лічым, што не трэба праводзіць прыватызацыю дзеля прыватызацыі ды папаўнення бюджэту. Дзяржактывы, прадпрыемствы і заводы – гэта капітал, і капітал трэба захоўваць і нарошчваць. Улады мусяць адкрыта паказаць, колькі яны атрымалі ад продажу капіталу, як яны грошы патрацілі, не на спажыванне і праяданне, а на развіццё”.

Пры гэтым дзяржаўная палітыка, накіраваная на развіццё эфектыўнай эканомікі, усё больш арыентуецца на продаж дзяржмаёмасці. Першаю ластаўкаю стаў продаж “Белтрансгазу”, цяпер гаворка ідзе пра “Нафтан”, “Палімір” і “Беларуськалій”. Кожнае прадпрыемства – гэта пэўны тэрмін для Аляксандра Лукашэнка, каб утрымацца ва ўладзе.

ПАВЕЛ ЗНАВЕЦ, БЫЛЫ ДЭПУТАТ ВС:

“Расейская палітычная эліта цяпер не зацікаўленая брутальным чынам анексаваць Беларусь, але маёмасць прыбраць расейскія алігархі ды буйныя карпарацыі ўжо гатовыя даўно. Яны гэтага патрабуюць ад Лукашэнкі. Проста той вельмі марудна ідзе на саступкі, але ідзе. Цяпер ён скуты і заціснуты ў кут і мусіць расплачвацца за доўгае бестэрміновае перабыванне на пасадзе ўсёй дзяржаўнаю маёмасцю”.

А таму пад пагрозаю не толькі эканамічная незалежнасць краіны, а і палітычная, мяркуюць тыя палітыкі, для якіх дзень прыняцця Канстытуцыі – больш напамін пра яе знявагу, чым свята. А што гэты дзень азначае для звычайных грамадзянаў?

ЖЫХАРЫ МАГІЛЁВА:

“Не ёсць святам – ёсць такі дзень Канстытуцыі, усе памятаюць, але гэта не свята”.

“Калі б не працоўны дзень – было б святам, а так менш бы святочных дзён”.

“У Беларусі Канстытуцыя такая, што для мяне не ёсць святам”.

“Ніякай радасці ад гэтай Канстытуцыі. Усё, што ні робіцца, кепска атрымліваецца. Як гэтае надвор’е”.

Застацца толькі суцяшацца. Пасля кожнай завірухі надыходзіць сонечнае надвор’е.

Дар’я Румянцава, “Аб’ектыў”, belsat.eu

Стужка навінаў