Глыбей у даўгавую яму. Ці атрымае Беларусь чарговы расейскі крэдыт?


Больш за дзесяць супольных дакументаў падпісалі ў Пецярбурзе падчас пасяджэння Вышэйшага дзяржсавету Саюзнай дзяржавы. Аднак самыя важныя пытанні абмяркоўвалі за зачыненымі дзвярыма Уладзімір Пуцін і Аляксандр Лукашэнка. Яшчэ да іх пачатку не было таямніцаю, што беларускі бок хоча атрымаць ад Расеі чарговы буйны крэдыт, расейскі ж жадае прыватызаваць беларускія прадпрыемствы.

У Санкт-Пецярбурзе – там, дзе амаль сямнаццаць гадоў таму паўстала ідэя Саюзнай дзяржавы, сёння сустрэліся яе кіраўнікі. На афіцыйным парадку дня – актуальныя пытанні далейшай супрацы.

{movie}Глыбей у даўгавую яму (15.03.2013) |right|9713{/movie}

УЛАДЗІМІР ПУЦІН, ПРЭЗІДЭНТ РАСЕІ:

“У нас будзе магчымасць прааналізаваць сёння ўсё, што было зроблена ў пабудове Саюзнай дзяржавы, паглядзець на некалькі крокаў наперад”.

Тым часам крокі лідара Беларусі – відавочныя. Пра свае чаканні ад сустрэчы і папярэднія размовы з расейскім кіраўніцтвам Аляксандр Лукашэнка распавёў яшчэ два месяцы таму.

АЛЯКСАНДР ЛУКАШЭНКА, ПРЭЗІДЭНТ БЕЛАРУСІ:

“Так, нам трэба некалькі мільярдаў долараў для таго, каб здзейсніць мадэрнізацыю прадпрыемстваў. Кажа: давайце спіс, але пажадана супольных. Гэта значыць, мы даем грошы на вашыя прадпрыемствы пад мадэрнізацыю і ствараем супольныя прадпрыемствы. Я кажу: добра. Але і для несупольных прадпрыемстваў нам таксама патрэбны мільярд. Адмоўнага адказу я не атрымаў”.

І сапраўды, зазвычай Расея не адмаўляе. Толькі за апошнія гады мы атрымалі 3 мільярды долараў крэдыту ад ЕўрАзЭС, сёлета – павялічаныя аб’ёмы нафты, пры гэтым так і не вярнулі Расеі 2 мільярды долараў, атрыманых падманным шляхам на кантрабандзе растваральнікаў.

ЮРАСЬ МЕЛЯШКЕВІЧ, ПАЛІТОЛАГ:

“Відавочна, што расейцы хацелі б атрымаць нейкі рэванш…”

Толькі чаго можа запатрабаваць Расея: беларускіх прадпрыемстваў ці палітычнай падпарадкаванасці? Таго і другога – лічаць эксперты.

ЮРАСЬ МЕЛЯШКЕВІЧ, ПАЛІТОЛАГ:

“Патрэбы захоўваць статус-кво і нейкія ўяўныя дачыненні і добрую атмасферу паміж Пуціным і Лукашэнкам не трэба, таму ў іх развязаныя рукі дзеля жорсткай размовы”.

Аднак такая размова яшчэ наперадзе. Эканамісты лічаць, што пільна патрэбныя прэзідэнту Беларусі 2 мільярды долараў – не такія і вялікія выдаткі для Расеі. Тым больш, што гэта дазволіць яшчэ глыбей падштурхнуць нашую краіну ў даўгавую яму, каб выкарыстаць даўно апрацаваную расейскімі ўладамі схему.

ЛЕАНІД ЗАІКА, ЭКАНАМІСТ:

“Усе сябры сталі даўжнікамі. Цяпер у іх забіраецца ўласнасць”.

Адсотак жа за выдадзеныя крэдыты будзе нашмат большы.

КІРЫЛ КОКТЫШ, ПАЛІТОЛАГ:

“Патэнцыйныя актывы, калі лічыць паводле папераў, гэта на 100–140 мільярдаў долараў. І вакол гэтых актываў цяпер у крызісную эпоху, канечне, пачнецца актыўная гульня”.

Тым часам вынікі цяперашняга жыцця ў крэдыт падвёў Нацбанк. Беларусь перакрочыла крытычны ўзровень запазычанасці – больш за 50 % ад валавога ўнутранага прадукту за год. Вонкавы доўг на пачатак года склаў больш за 34 мільярды долараў! Адсоткі за якія растуць кожную хвіліну.

Вольга Старасціна, “Аб’ектыў”, belsat.eu

Стужка навінаў