Прэзентавалі смартфон, якім можна кіраваць без дотыку


Кампанія «Samsung» прэзентавала ў Нью-Ёрку чацвёртае пакаленне смартфона «Galaxy S», асаблівасцямі якога сталі пяціцалёвы дысплей і магчымасць кіраваць прыладаю без дотыку да экрану.

«Ці не было б зручна, калі б смартфон мог разумець, калі вы жадаеце прагартаць старонку ўверх або ўніз? Або ставіць паўзы на відэа, проста гледзячы на экран. Новы сэнсарны інтэрфейс дазваляе гэта рабіць», – зазначае прадстаўнік кампаніі «Samsung» Джэй Кей Шын (JK Shin).

«Galaxy S IV» абсталяваны экранам высокага разрознення, выкананым паводле тэхналогіі «Full HD Super Amoled». У прыладу ўбудаваная асноўная камера з разрозненнем 13 мегапікселяў, якая можа здымаць да 100 здымкаў за 4 секунды. Версіі «Galaxy S IV» для шэрагу рынкаў будуць падтрымліваць тэхналогію сувязі чацвёртага пакалення LTE. У смартфоне прадугледжаныя прасунутыя метады ўзаемадзеяння з карыстальнікам. Гэтак, функцыя «Air View» дазваляе працаваць з сэнсарным экранам, не датыкаючыся да яго, а таксама прысутнічае мажлівасць кіраваць прыладаю рухамі.

{movie}Праграма “Дэвайс” (15.03.2013) |right|9711{/movie}

МУЗЫКА ПАД НАСТРОЙ

Кампанія «Neurowear» распрацоўвае спецыялізаваныя навушнікі «Міко», якія, апроч прайгравання музыкі, счытваюць мазґавыя рытмы і перасылаюць гэтую інфармацыю на адмысловую праграму ў iPhone, якая, у сваю чаргу, падбірае кампазіцыі пад настрой карыстальніка. Паводле наватараў, прылада пакуль – на пачатковай стадыі распрацоўкі, а праграмнае забеспячэнне ўтрымлівае толькі сто песень. Але ўжо ў недалёкай будучыні плануецца зрабіць камерцыйны прататып з магчымасцю падключэння да розных інтэрнэт сэрвісаў праслухоўвання музыкі.

ЛЮБІМЫЯ ПЕСНІ ПАД ВАДОЮ

Кампанія «Sony» прэзентавала MP3 плэер, з якім можна нават быць пад вадою, што праўда, пакуль толькі на глыбіні да двух метраў. У прыладзе адсутнічаюць драты, а сам плэер мацуецца з дапамогаю адмысловай накладкі на галаве. Вага дэвайсу ўсяго 29 грамаў, ў ім таксама інсталявана 4 гігабайты памяці ды тэхналогія хуткага ладавання, якая дазваляе атрымаць поўны зарад прылады ўсяго за 3 хвіліны. Партатыўны прайгравальнік «Walkman W273» паступіць ў продаж у сярэдзіне наступнага месяца.

Апроч гэтага, у выданні:міфічны гігс, ракета «Grasshopper», шлем, як у лётчыкаў, гульня «Groods».

Праграма «Дэвайс» выходзіць у панядзелак і пятніцу а 19.15. Выданні даступныя ў архіве праграмаў.

Кірыл Смяглікаў, М.Я., belsat.eu

Стужка навінаў