Экстрэмальнае надвор’е захаваецца ў Беларусі да вечара 16 сакавіка


На краіну абрынуўся цыклон «Хавіер», які прынёс шквалісты вецер, вялікія снегапады, перабоі ў электразабеспячэнні і мноства дарожна-транспартавых здарэнняў.

У Менску праз дрэннае надвор’е адмянілі ўсе самалётныя рэйсы, а таксама зачынілі ўсе аўтамабільныя выезды з гораду. Тыя, хто запланаваў далёкія паездкі на аўтатранспарце, былі вымушаны адкласці падарожжа, бо праз сумёты на дарогах нават прыгарадныя аўтобусы не даязджалі да канцавога прыпынку. Тыя студэнты і працаўнікі, хто збіраўся дадому ў іншыя гарады на выходныя, мусілі застацца ў Менску, а многія жыхары прыгарадаў сталіцы, спалохаўшыся снежнай буры, засталіся начаваць у Менску.

Гарадскі грамадскі транспарт у Менску таксама не ездзіць, а людзі салідарна падвозяць адно аднаго, бо міліцыя перастала пускаць людзей у перапоўненае метро. Заўтра ў менскіх школах адмеянілі ўсе заняткі, а ў барацьбе з ліквідацыяй шкодаў, нанесеных стыхіяй, у горадзе ўвялі рэжым “Павышанай гатовасці”.

Шмат у якіх рэгіёнах Беларусі адзначаецца вельмі складанае становішча на дарогах праз моцны снегапад, завеі ды снегавыя заносы. Сёння некаторыя кіроўцы проста не змаглі адкапаць сваіх аўтамабіляў з-пад снегу ці выехаць са двара. А для тых, хто здолеў выехаць, умовы руху былі найскладанейшымі.

{movie}Дарожнае здарэнне на шашы Менск-Горадня|right|9697{/movie}

У Менскай вобласці на Слуцкай трасе (Р23) у раёне вёскі Гарадзішча праз вялікі вецер на дарозе перавярнулася некалькі фураў, якія перакрылі рух. Аналагічнае ДТЗ адбылося ў Магілёўскай вобласці на 120-м км трасы М5. Да месцаў ДТЗ накіравалася тэхніка МНС і адмыслоўцы.

Апроч таго, буйная аварыя адбылася на трасе Менск–Дзяржынск, дзе сутыкнуліся адразу прыкладна 20 аўтамабіляў, у тым ліку і фуры. Частка транспартавых сродкаў сур’ёзна пашкоджаная.

Шмат у якіх населеных пунктах праз непагоду былі пашкоджаныя правады перады электрычнага току. Цяпер больш як у 300 паселішчах адключаная электрычнасць.

Тым часам галоўны сіноптык Рэспубліканскага гідраметэацэнтру Людміла Парашчук паведаміла , што ў суботу на большай частцы тэрыторыі Беларусі будзе ісці снег, але не гэтак інтэнсіўна, як сёння. Заўтра ў другой палове дня вецер стане паступова сціхаць. З аддаленнем цыклону з Беларусі адкрыецца доступ да арктычнага паветра і пачнецца пахаладанне. Самая халодная ноч чакаецца з нядзелі на панядзелак. Начная тэмпература будзе да мінус 18– 20°С, месцамі да мінус 27 С. Аднак днём пад уплывам сакавіцкага сонца маразы аслабеюць да мінус 2– 8 С.

У калажы – здымкі карыстальнікаў сацыяльных сетак.

Максім Ярашэвіч, Аліна Кашкевіч, belsat.eu

Стужка навінаў