Сяргей Чалы: Кошты на харчы могуць падвысіцца на 30–40%


І гэта толькі за першы квартал, кажа эканаміст.

З 26 студзеня ў Беларусі на 10% падаражэе цукар. Паводле прэсавай службы Міністэрства эканомікі, раздробны кошт за кілаграм складзе ад 2 990 да 3 280 руб., у залежнасці ад упакоўкі.

Ведамства тлумачыць падвышэнне неабходнасцю зраўняць кошты з тымі, што існуюць у сумежных дзяржавах. Эканаміст Сяргей Чалы перакананы, што гэта вынік неабгрунтаванага павелічэння заробкаў і пенсіяў.

Ён кажа, што рост коштаў – з’ява непазбежная і цалкам прагназаваная. “Напрыканцы мінулага года рэальныя прыбыткі насельніцтва павялічыліся амаль напалову. Аднак грошы гэта не заробленыя, а “падораныя” дзяржаваю, і зараз іх пачынаюць “забіраць”, – тлумачыць эканаміст.

Сяргей Чалы папярэджвае, што за І квартал харчы могуць падаражэць на 30–40%. За месяц пасля прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі выраслі кошты на хлеб, малако, каўбасы, мясныя паўфабрыкаты, цыгарэты і гарэлку. Амаль на траціну ўзнялі аплату за навучанне ў ВНУ. Міністэрства транспарту таксама заявіла пра намер павялічыць кошт праезду ў гарадскім транспарце прыкладна ўдвая.

belsat.eu

Стужка навінаў