Ганна Красуліна: На справядлівы прысуд трэба атрымаць дазвол чыноўніка


Новы паварот у справе бізнесоўца Андрэя Бандарэнкі.

24 студзеня Менскі гарадскі суд ізноў пачаў разглядаць справу Андрэя Бандарэнкі. Нагадаем, што ў 2008 г. бізнесовец балатаваўся на выбарах у Нацыянальны сход, а пасля аспрэчыў вынікі галасавання. Бандарэнка ішоў як незалежны кандыдат, аднак яго падтрымлівала Аб’яднаная грамадзянская партыя.

Менавіта праз палітычную дзейнасць і пачаўся пераслед з боку ўладаў, мяркуюць праваабаронцы. Неўзабаве на спадара Бандарэнку завялі крымінальную справу: прадпрымальнік нібыта абакраў сваю былую фірму.

Вось ужо паўтара года Андрэй Бандарэнка застаецца за кратамі. Першы суд даў Бандарэнку 7 гадоў калоніі, другі перакваліфікаваў справу і зменшыў тэрмін на год. Цяпер яго зноўку перавялі ў следчы ізалятар на вул. Валадарскага ў Менску, бо праз Вярхоўны суд ён дамогся адмены прысуду і перагляду сваёй справы.

Як адзначае грамадская актывістка Ганна Красуліна, прысуд быў настолькі недарэчны, што артыкул нават не адпавядаў структуры абвінавачання. Таму ў Вярхоўнага суда была магчымасць прыняць справядлівы вырак, якім і стала адмена прысуду.

Аднак гэта – не адзіная прычына, мяркуе Красуліна. Паўплывала яшчэ і некаторая лібералізацыя прэзідэнцкай кампаніі на этапе агітацыі, а таксама і сталая ўвага да справы з боку Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Апошняя інфармавала пра яе акалічнасці журналістаў і еўрапейскіх чыноўнікаў. “Хоць само па сабе цікава тое, што ў Беларусі на справядлівы прысуд трэба атрымаць дазвол чыноўніка”, – адзначыла Ганна Красуліна.

Між тым паплечнік Бандарэнкі па партыі Аляксандр Дабравольскі мяркуе, што цяпер улада занятая іншымі справамі, таму праз тое, што прысуд непісьменны, яго могуць і скасаваць. Праўда, родныя і сябры бізнесоўца на гэта не спадзяюцца. Для іх вялікім падарункам было б ужо тое, каб суд даў Бандарэнку ўжо адседжаныя паўтара года і адпусціў на волю.

belsat.eu

Стужка навінаў