З красавіка ў 1,5 разу вырасце базавая арэндная стаўка


Па кім найперш ударыць гэтае падаражанне – і ці абміне каго-небудзь?

Яшчэ ўчора з вуснаў міністра фінансаў – палымяныя прамовы пра еднасць дзяржавы і прыватнага бізнесу.

МІКАЛАЙ СНАПКОЎ, МІНІСТР ФІНАНСАЎ:
“Дзяржава – гэта і ёсць бізнес-супольнасць. Бізнес-супольнасць – гэта і ёсць дзяржава”.

Склікалі Асамблею дзелавых колаў, узнялі ажно 107 спрэчных пытанняў. Бізнесоўцы, большасць якіх арандуюць працоўную прастору, – прапаноўвалі, чыноўнікі – нібыта прыслухоўваліся. На сталах жа ў гэтых чыноўнікаў ужо ляжаў гатовы дакумент – аб павелічэнні на 60 % базавай арэнднай стаўкі. Што на простай мове азначае павелічэнне сумы, якую бізнесовец абавязаны сплачваць рэгулярна, незалежна ад паспяховасці ягонай справы.

{movie}Цяжкі красавік (14.03.2013)|right|9689{/movie}
СЯРГЕЙ БАЛЫКІН, АСАЦЫЯЦЫЯ МАЛОГА І СЯРЭДНЯГА БІЗНЕСУ:
“Бізнесу неабходна будзе мець большую выручку, каб пакрыць наяўныя выдаткі. Ці можна на сёння мець большую выручку? На жаль, выручка суб’ектаў гаспадарання на сёння не расце, і гэта аўтаматычна прывядзе да павелічэння выдаткаў, да росту затратаў”.

Паводле дакументу, ужо прынятага Саветам Міністраў, праз два тыдні памер базавай арэнднай велічыні, які цягам года складае 54 000 рублёў, вырасце да 86 000. Гэтая сума датычыць будынкаў, якія ў дзяржаўнай уласнасці або належаць дзяржаўным прадпрыемствам. Эканамісты сцвярджаюць, што павышэнне стаўкі запальвае чырвоную лямпачку над істотнаю часткаю беларускага бізнесу.

СЯРГЕЙ БАЛЫКІН, АСАЦЫЯЦЫЯ МАЛОГА І СЯРЭДНЯГА БІЗНЕСУ:
“Арэнда ў дзяржавы на сёння найбольш танная, арэнда ў прыватных бізнес-цэнтрах даражэйшая. Сыходзіць бізнесу з дзяржаўных пляцовак папросту не будзе куды”.

Абазнаныя прадпрымальнікі кажуць, што для шмат якіх іхных калег навіна пра павышэнне стане “прыемнаю нечаканасцю” – не ўсе яшчэ ведаюць пра хуткую будучыню. Аляксандр, які гандлюе на Ракаўскім кірмашы ў Менску, свой уласны несуцешны падлік ужо зрабіў.

АЛЯКСАНДР МАКАЕЎ, ПРАДПРЫМАЛЬНІК:
“Калі цяпер плацім арэнду 1,5 мільёна, то ў выпадку павышэння арэнды яшчэ на 800 тысячаў – то бок ужо 2300. На прыбытках прадпрымальнікаў гэта адаб’ецца вельмі істотна”.

Што будуць рабіць прадпрымальнікі ў гэтай сітуацыі? Паводле Аляксандра, дзяржаве не пазбегнуць пратэстаў.

АЛЯКСАНДР МАКАЕЎ, ПРАДПРЫМАЛЬНІК:
“Будзе напальвацца абстаноўка, магчыма, будуць страйкі прадпрымальніцкія, стыхійныя выступы”.

Істотнае ж, паводле эканамістаў, павышэнне можа спрацаваць і на новы ўсплёск інфляцыі. Таму захада рызыкуе пакрыўдзіць не толькі арандатараў дзяржаўных прастораў, але і кожнага, хто мае ўласную справу.

АНАТОЛЬ ШУМЧАНКА, ГА «ПЕРСПЕКТЫВА»:
“Павелічэнне базавай велічыні – гэта павелічэнне штрафаў на 20–30 %. Чарговы раз дзяржава пацвярджае, што ў яе толькі адзін дэвіз – забраць і падзяліць”.

І прынцып гэты, не зважаючы на сугучнасць з робінгудавым, не ў тым, каб адабраць у багатых, а бедным аддаць. Хутчэй наадварот.

Адэля Дубавец, “Аб’ектыў”

Стужка навінаў