У Менску перастрахаваліся пасля тэракту ў “Дамадзедава”


Пасажыраў прымушалі амаль 1,5 км ісці да аэрапорту пешкі.

24 студзеня транспарт спынялі за 1,5 км ад аэрапорту “Менск-2”. Пра ўзмоцненыя захады бяспекі “Белсату” распавёў жыхар сталіцы. Ён накіроўваўся у Маскву авіярэйсам а 21-й гадзіне. У аэрапорт паехаў уласным аўтамабілем. Калі да лётнішча заставалася каля 1,5 км, машыну спынілі.

“Увесь транспарт тармазілі ў раёне аўтазапраўкі, а ад яе да аэрапорту болей за кіламетр. Пра тое, каб заехаць на эстакаду, і гаворкі не было. Давялося ўвесь гэты шлях ісці пешкі і цягнуць на сабе ўвесь свой багаж”, – гаворыць мянчук. Ён таксама распавёў, што будынак аэрапорту ачапіла міліцыя, узмоцненыя нарады дзяжурылі і ўнутры.

“Калі да будынку аэрапорта не пускалі прыватныя аўты ды таксоўкі, чаму было б не наладзіць дастаўку пасажыраў ад запраўкі транспартам аэрапорту, – абураліся пасажыры. – Шмат хто меў цяжкі багаж. Былі сем’і з маленькімі дзецьмі”.

Увядзенне ўзмоцненых захадаў бяспекі Упраўленне ўнутраных справаў на транспарце (УУСТ) МУС Беларусі тлумачыць тэрактам у маскоўскім аэрапорце «Дамадзедава», які 24 студзеня здзейсніў тэрарыст-смяротнік.

Як паведамляе МНС Расеі, выбуховы ладунак здэтанаваў у зале выдачы багажу. Бомба магутнасцю 5 кг тратылу была начыненая металічнымі элементамі. На цяперашні момант вядома пра 35 забітых і каля 180 параненых.

belsat.eu

Стужка навінаў