“МАЗы” для вайсковых базаў Асада. Што яшчэ прадае Беларусь дыктатару?


Сірыйскія паўстанцы знялі на відэа беларускія “МАЗы” на адной з вайсковых базаў Башара Асада. Эксперты кажуць, што праз Расею Менск прадае на толькі аўты і трактары.

“МАЗы” на вайсковай базе Асада. Стоп-кадр з відэа, зробленага паўстанцаміБеларускія ўлады прызнаюць, што Сірыя – адзін з ключавых партнераў на Бліжнім Усходзе. З Сірыі імпартуецца баваўняныя тканіны і лекі. У Сірыю прадаюцца беларускія “МАЗы”, трактары. Аднак і гэтую прадукцыю сірыйскія ўлады выкарыстоўваюць і ў вайсковых мэтах.

Аднак, міжнародная супольнасць абвінавачвае Беларусь у продажы зброі і вайсковых тэхналогіяў. Аглядальнік амерыканскага штотыднёвіка “National Journal” Ёчы Дрызен сцвярджаў, што Беларусь дзялілася з Сірыяй тэхналогіямі, якія значна павялічваюць дакладнасць ракет. Дрызен піша, што такую інфармацыю ён атрымаў з амерыканскіх вайсковых разведвальных структур.

Беларускі вайсковы аглядальнік Аляксандар Алесін мяркуе, што пастаўкі беларускай зброі ў Сірыю ў разгар канфлікту ў гэтай краіне могуць ажыццяўляцца толькі праз пасярэдніцтва Расеі: “У часе баявых дзянняў у Сірыі з Беларусі туды нічога накіроўвацца не можа. Такія пастаўкі можа ажыццяўляць туды Расея пад аховай свайго вайсковага флоту. Тым больш, Расея мае ў Сірыі свой вайсковы порт. Аднак, у многіх расейскіх узбраеннях маюцца беларускія кампаненты. Гэта і прыцэльныя прыстасаванні, гэта і лазерныя прыборы, сродкі сувязі, вылічальная тэхніка… Таму, я не выключаю, што ў складзе камплектуючых расейскіх вырабаў, беларускія вырабы пастаўляюцца ў Сірыю. То бок, Беларусь можа выступаць тут як субпадрадчык.” Спадар Алесін кажа, што пастаўкі зброі ў Сірыю не супярэчаць міжнароднаму праву, бо ААН так і не наклала на гэта санкцыі.

Тым ня менш, беларускія ўлады сцвярджаюць, што паставак зброі ў Сірыю не вядзецца.

19 верасня 2012 году амерыканскі ўрад наклаў санкцыі на “Белзнешпрамсервіс” за сувязі з сірыйскім Бюро вайсковага забеспячэння (займаецца закупамі ўзбраенняў). У паведамленні аб накладанні санкцыяў амерыканцы заявілі, што з Беларусі ў Сірыю прадаваліся ўзрывальнікі для авіябомбаў.

Літаральна на наступны ж дзень беларускі МЗС абверг гэтыя абвінавачванні, назваўшы іх “не адпавядаючымі рэчаіснасці”. Беларускія афіцыйныя рэсурсы ўпарта сцвярджаюць, што супраца з Сірыяй вядзецца выключна ў грамадзянскай галіне.{movie}Сірыйскія паўстанцы знялі беларускія “МАЗы” на адной з вайсковых базаў Асада.|right|9675{/movie}

Кастусь Будчак, АК, belsat.eu

Стужка навінаў