Кавалёва і Канавалава расстралялі ў КДБ?


Паводле праваабаронцы Рамана Кісляка, дзеля таго, каб весці перапіску з просьбаю аб выдачы цела Уладзіслава Кавалёва, трэба дакладна ўстанавіць, хто выканаў прысуд.

15 сакавіка спаўняецца год з выканання смяротнага прысуду абвінавачаных у тэракце ў менскім метро Дзмітрыя Канавалава і Уладзіслава Кавалёва. У пасведчанні аб смерці апошняга пазначаная менавіта гэтая дата. Аднак маці, Любоў Кавалёва лічыць, што гэта зрабілі раней – 11 сакавіка.

Паводле праваабаронца Рамана Кісляка, гэта маглі зрабіць у сталічным СІЗА № 1, якое – у ведамстве МУС і дзе традыцыйна выконваліся такія заданні, або ў СІЗА КДБ, дзе сядзеў Уладзіслаў. Любоў Кавалёва звярнулася ў дзяржаўныя органы з адмысловым запытам, каб высветліць гэта і пасля атрымаць ад выканаўцы звесткі пра месца пахавання сына. У прэс-службе Камітэту дзяржаўнай бяспекі «Белсату» не пацвердзілі, што ў СІЗА КДБ маглі выканаць смяротны прысуд.



Wyświetl większą mapę

Людзі ў масках

Былы палітвязень Зміцер Бандарэнка правёў у СІЗА КДБ пасля свайго затрымання 20 снежня 2010 года некалькі месяцаў. Перад ягоным этапаваннем у магілёўскую калонію № 15 у траўні 2011 годаў “амерыканцы” былі таксама Уладзіслаў Кавалёў і Дзмітрый Канавалаў.

Дзмітрый Канавалаў і Уладзіслаў Кавалёў у зале суда. Фота bymedia.net Дзмітрый Канавалаў і Уладзіслаў Кавалёў у зале суда. Фота bymedia.net Зміцер Бандарэнка распавёў “Белсату”, што СІЗА КДБ мае 18 камераў і вельмі адрозніваецца ад турмаў МУС. “Вязням там немагчыма было перасячыся, але было бачна, дзе сядзелі Кавалёў і Канавалаў. Гэта былі адзіночкі, звонку якіх знаходзіліся рэчы затрыманых. Відавочна, што там трымалі Канавалава і Кавалёва, бо гэта былі камеры карцарнага тыпу”.

У пачатку сакавіка 2011 года, як расказаў спадар Бандарэнка, вязняў “амерыканкі” перасталі вадзіць на допыты “людзі ў масках”. Але падазраванымі ў тэракце яны “апекаваліся” па-ранейшаму і ставіліся да маладзёнаў вельмі жорстка. “Гэта было чуваць па крыках і камандах”, – патлумачыў былы палітвязень.{movie}Раман Кісляк: дзе расстралялі Кавалёва, незразумела|right|9671{/movie}

Закон не акрэслівае месца расстрэла

Праваабаронца Валянцін Стэфановіч удакладніў, што беларускае заканадаўства не акрэслівае канкрэтнага месца выканання смяротнага пакарання. “Напэўна, гэта рэгулюецца ведамаснымі інструкцыямі. У законе гэтага няма”.

Валянцін Стэфановіч ўзгадаў, што былы начальнік СІЗА № 1 у Менску Алег Алкаеў у сваёй кнізе «Расстрельная команда» пісаў пра выкананне смяротных прысудаў толькі ў Следчым ізалятары № 1, дзе адбываліся гэткія экзекуцыі і ў часы Савецкага Саюзу. Спадар Стэфановіч зазначыў, што ў СІЗА на вуліцы Валадарскага ёсць спецкалідор, па якім “смертнікаў” вядуць у адмысловы пакой, дзе і адбываецца расстрэл пісталетам у патыліцу. Прысуд выконвае звычайна нехта з прадстаўнікоў “расстрэльнай каманды” СІЗА.

Праваабаронца падкрэсліў, што, згодна з беларускім заканадаўствам, цела расстралянага не выдаецца родным і не ўказваецца месца ягонага пахавання. Камітэт правоў чалавека ААН у 1999 годзе назваў гэткага кшталту стаўленне да сваякоў расстраляных бесчалавечным абыходжаннем і катаваннямі.

Сукала супраць ААН

Тым часам Любоў Кавалёва атрымала адказ ад старшыні Вярхоўнага суда Валянціна Сукалы на наглядную скаргу Любові Кавалёвай у сувязі з прапановаю Камітэту правоў чалавека ААН рэабілітаваць расстраляных у сувязі з тым, што былі парушаны іхныя правы на жыццё і справядлівы судовы разгляд. Валянцін Сукала ніякіх парушэнняў не прызнаў.

{movie}Любоў Кавалёва: навошта ўладам смяротнае пакаранне?|right|9672{/movie}

Маці Уладзіслава Кавалёва лічыць, што большасць беларусаў падтрымліваюць адмену смяротнага пакарання. “Я ўвогуле не ведаю, навошта ўладам смяротнае пакаранне. Што гэта дае і што ўлады з гэтага маюць? Гэта супярэчыць нават рэлігійным нормам, бо забіраць жыццё ў чалавека – гэта права Бога. А тут атрымліваецца, што нават у Бога тут няма правоў”.

Аліна Кашкевіч, Максім Ярашэвіч, belsat.eu

Стужка навінаў