Міліцыянты здзекаваліся з жанчыны ў пастарунку. Ці будуць пакараныя?


Звязаная жанчына ляжыць проста на падлозе ў пастарунку, а міліцыянты раўнадушна праходзяць міма ці проста пераступаюць яе. Перад гэтым было брутальнае затрыманне, жанчыну літаральна волакам зацягнулі ў Маладзечанскі РАУС. Журналісты «Маю права» даследуюць справу.

{movie}Здзекі ў пастарунку. Ці міліцыянтаў пакараюць?|right|9668{/movie}

У адным з клубаў Маладзечна мясцовая жыхарка Алеся Садоўская згубіла тэлефон, або, магчыма, яго скралі. Жанчына хацела напісаць скаргу на адрас адміністрацыі, аднак працаўнікі ўстановы выклікалі міліцыянтаў. Тыя таксама адмовіліся прымаць заяву, а калі Алеся Садоўская заявіла, што можа паскардзіцца на іх у пракуратуру, тыя адрэагавалі імгненна.

«Яны схапілі мяне за рукі і пацягнулі за вугал клубу. Адзін цягнуў мяне за плечы ўніз, другі біў па нагах. Калі ў іх не атрымалася зрабіць так, каб я ўпала, яны пачалі мяне біць па баках і штурхаць», – распавядае пра сваё затрыманне Алеся Садоўская.

У інтэрнэце апублікаванае відэа з камераў назірання ў пастарунку Маладзечанскага РАУСу. На ім бачна, як міліцыянты валочаць жанчыну, тая падае і ўдараецца галавою аб ножку стала дзяжурнага міліцыянта. Той дапамагае… цягнуць яе далей, а потым спакойна папраўляе мэблю.

Пазней Алеся Садоўская трапляе ў «стакан» – маленькую камеру ў РАУСе. «Я не ведала, што будзе са мною далей. Прасіла іх патлумачыць мне… Але яны выцягнулі з камеры і звязалі мяне на падлозе. Быў дзікі боль з пяць хвілінаў, потым усё знямела», – распавядае жанчына.

{movie}Матэрыялы з камеры відэаназірання|right|9669{/movie}

На відэа бачна, як міліцыянты праходзілі побач, яшчэ адзін чалавек, відаць, пад адміністратыўным арыштам, падмятае падлогу, таксама акуратна абыходзячы жанчыну. У выніку Алесю прыцягнулі да адміністратыўнай адказнасці за дэбош і нецэнзурную лаянку. Следчы камітэт у дзеяннях міліцыянтаў парушэнняў не ўбачыў. Больш за тое, паводле папераў Маладзечанскага РАУСу, міліцыянты ў пастарунку не выкарыстоўвалі фізічнай сілы і спецсродкаў супраць жанчыны.

Глядзіце больш – у расследаванні нашых журналістаў. Праграму «Маю права» можна прагледзець цалкам у архіве праграмаў, а таксама ў жывым эфіры «Белсату» кожную сераду.

М.Л., belsat.eu

Стужка навінаў