Ці атрымае Расея «Азот» і МАЗ?


https://youtu.be/UKH6xJU4UqY
Ці ахвяруюць беларускія ўлады стратэгічнымі прадпрыемствамі дзеля стратэгічнай нафты, разважае ў “Гарачым каментары” палітолаг Аляксандр Папко.

У 2013 годзе Менск хоча атрымаць 23 млн т. расейскай нафты. Масква пагаджаецца толькі на 18,5 млн т. Пытанне экспарту нафты наўпрост звязанае з пытаннем нелегальнага экспарту разбаўляльнікаў. Крэмль неаднаразова выказваў незадаволенасць з таго, што пад выглядам растваральнікаў і разбаўляльнікаў Беларусь прадавала ў Заходнюю Еўропу бензін, каб ухіліцца ад выплаты экспартных мытаў бюджэту Расейскай Федэрацыі.

Лукашэнка ж мяркуе, што пытанне экспарту разбаўляльнікаў не перашкаджае падпісанню нафтавага балансу на 2013 год. Паводле крыніцы, блізкай да перамоваў, цяпер расейцы чакаюць ад Беларусі стварэння супольных прадпрыемстваў на базе гарадзенскага «Азоту» і МАЗу. Ці аддасць Лукашэнка стратэгічныя прадпрыемствы за стратэгічную нафту?

{movie}Аляксандр Папко ў “Гарачым каментары”|right|9663{/movie}
Палітолаг Аляксандр Папко прыгадаў, што гісторыя з продажам беларускіх прадпрыемстваў пачалася ўжо даволі даўно – у 2009–2010 гадах, калі Беларусь «напампоўвала» сваю эканоміку таннымі замежнымі крэдытамі. Вонкавая запазачынасць Беларусі, паводле адмыслоўца, тады вырасла з $ 6 млрд у 2005 годзе да $ 22 млрд напрыканцы 2010-га. Пакуль жа Беларусь прадала ўсходняй суседцы «Белтрансгаз», «Беларусбанк», а таксама ідзецца гаворка пра стварэнне супольнага канцэрну МАЗу і КамАЗу.

Адмыслоўца адзначыў, што МАЗ вельмі доўга рыхтавалі да аб’яднання з КамАЗам, правёўшы скарачэнне персаналу і ўклаўшы ў прадпрыемства дадатковыя інвестыцыі, каб павысіць яго вартасць. Расейскі вытворца можа максімальна скараціць працу МАЗу, бо будзе імкнуцца ліквідаваць канкурэнта на сваім рынку. Беларусь жа павінна старацца ўтрымліваць кантроль над важнаю інфраструктураю краіны, якая прыносіць краіне асноўны прыбытак. Іншыя буйныя прадпрыемствы, паводле палітолага, улады Беларусі будуць імкнуцца захаваць, каб пазбегнуць сацыяльнай небяспекі, выкліканай незадаволенасцю тысячаў працаўнікоў, пазбаўленых сваіх рабочых месцаў.

Адмыслоўца ацаніў кошт МАЗу на $ 1,6 млрд, а кошт «Азоту» – на $ 1 млрд, што прыкладна адпавядае страце расейскага бюджэту, ацэненай Крамлём на $ 2 млрд.

Расея цяпер задавальняе патрэбы Беларусі ў нафце, аднак планы экспарту рэалізуюцца штоквартальна, у кароткіх прамежках часу. Спадар Папко мяркуе, што такім чынам Расея намагаецца кантраляваць стварэнне ў Беларусі 5 сумесных буйных прадпрыемстваў.

Максім Ярашэвіч, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары