Папам абраны аргентынец Хорхэ Мар’ё Бэргольё – арцыбіскуп Буэнас-Айрэсу


Гэта першы папа з Паўднёвай Амерыкі. Ён прыняў імя Францыск I.

Цяпер над цэнтрам Рыму лунаюць авацыі. Пакуль новы пантыфік рыхтаваўся ў так званым «пакоі слёзаў», да вернікаў выйшаў протадыякан, які абвесціў прозвішча новага кіраўніка Каталіцкага Касцёлу, а потым сам новаабраны Папа з’явіўся перад натоўпам. “Браты і сёстры, добры вечар!” – гэтак новы Папа прывітаўся з вернікамі.

У сваёй прамове да людзей, якія сабраліся на плошчы св. Пятра, Францыск І папрасіў памаліцца за яго, што было ўспрынята шмат кім як “рэвалюцыйны жэст”. Пасля прамовы Папа скіраваў да вернікаў блаславенства “Гораду і свету” (Urbi et orbi), якое даецца толькі ў выключныя для Касцёлу моманты і на вялікія хрысціянскія святы.

Новаму Папу Францыску І – 76 гадоў. Ён прадстаўнік манаскага ордэну езуітаў, філосаф і выдатны знаўца літаратуры. Мае таксама дыплом хіміка і псіхолага.

Кардынала Хорхэ Мар’ё Бэргольё называлі галоўным канкурэнтам на пасаду пантыфіка Ёзэфа Рацынгера на канклаве 2005 года.

Бэргольё – вельмі добры багаслоў, даволі кансерватыўны ў сваіх поглядах. Ён вядомы сваймі заклікамі да вернікаў асудзіць спароны (аборты) і эўтаназію.

Бэргольё вёў дагэтуль вельмі сціплы лад жыцця, а ягоны дактрынальны кансерватызм спалучаецца з вялікаю міласэрнасцю: у 2001 г. ён наведаў госпіс для хворых на СНІД, дзе памыў і пацалаваў ногі 12-ці бядотнікам.

Паводле некаторых звестак, Бэргольё даносіў на сваіх калегаў – святароў і манахаў з сацыялістычнымі поглядамі – падчас панавання ў Аргентыне вайсковай хунты генерала Відэлі Рэдонда (Videli Redondo) і т. зв. «бруднай вайны» (1976–1983). Некаторыя з духоўных асобаў пасля знікалі назаўжды.

{movie}Habemus papam! (13.03.2013)|right|9659{/movie}

М.Я., belsat.eu

Стужка навінаў