Юрась Чавусаў у «Гарачым каментары»


Цяпер улада слабая, як ніколі

Упэўнены палітолаг Юрась Чавусаў. Пра гэта сведчаць нядаўнія перамовы прэм’ераў дзвюх краінаў і падпісанне дакументаў пра адзіную палітычную прастору – “учынак, які мае два вымярэнні: палітычнае і эканамічнае”. “Калі мы паглядзім на палітычны змест, Аляксандр Рыгоравіч атрымаў, што хацеў, – неўмяшальніцтва Крамля ў палітычныя справы і ўрэшце прызнанне выбараў. Але з эканамічнага боку атрымалася, што Масква не гатовая аддаць Беларусі гэтыя звышпрыбыткі ад перапрацоўкі расейскай таннай нафты. І цяпер мы фактычна бачым другі тур перамоваў па адвечнай праблеме дзяльбы прыбытку ад экспарту прадуктаў перапрацоўкі нафты. І, гледзячы па ўсім, цяпер беларускі бок у пройгрышнай сітуацыі, і прыйдзецца аддаваць гэтыя грошы Расеі”, – кажа Юрась Чавусаў.

Але няўдалы ход перамоваў збольшага не мае палітычных прычынаў. На меркаванне палітолага, “гэта эканамічнае нежаданне расейскага капіталу дзяліцца з Беларуссю грашыма, якія Беларусь выкарыстоўвае на замацаванне сваёй палітычнай падтрымкі. Беларускі бок чарговы раз імкнецца вырашаць эканамічныя пытанні праз палітычныя перамовы. Хутчэй за ўсё беларускі бок зноўку клянецца Расеі ў сваёй адданасці. Маўляў, бачыце – заходнія загавары публікуюцца ў дзяржаўных выданнях”.

Аднак, як бы цяжка і непрыемна ні было весці перамовы з дзейсным беларускім рэжымам, палітолаг не чакае, што Расея зменіць Лукашэнку на кагосьці зручнейшага. “Расея зацікаўленая, каб улада была слабая, а цяпер яна слабая як ніколі. Цяпер Лукашэнка пазбаўлены датацыяў Захаду, і Расеі лягчэй патрабаваць таго, што ёй патрэбна. Гэта доля ў калійных кампаніях, паставіць на калені нафтаперапрацоўчы сектар і забраць яго ва ўласнасць, гэта МАЗ ды іншае “фамільнае срэбра”, – кажа эксперт.

belsat.eu

Стужка навінаў