"Сціплая" кампенсацыя за разбаўляльнікі: Расея хоча "Азот" і "МАЗ"


Крэмль запатрабуе два буйныя беларускія прадпрыемствы ў якасці кампенсацыі за злоўжыванне Менску, які летась экспартаваў мільёны тон бензіну пад выглядам разбаўляльнікаў, каб не выплочваць мытаў Расеі.

Пра гэта ў сераду паведаміла агенцтва “Интерфакс”. Агенцтва спасылаецца на крыніцу, блізкую да працэсу двухбаковых беларуска-расейскіх перамоваў, якія адбыліся ў Маскве 11 сакавіка.

Ціхі пераварот

Паводле ананімнай крыніцы, Масква хоча атрымаць прадпрыемства “Гродна Азот” (вытворца ўгнаенняў і хімікатаў) і “МАЗ”. Хутчэй за ўсё на іх аснове арганізуюць супольную беларуска-расейскую вытворчасць.

Расея лічыць, што Беларусь у 2011–2012 гадах экспартавала бензін з расейскай нафты пад выглядам разбаўляльнікаў, за якія, паводле палажэнняў Мытнага звязу, не трэба плаціць мыта ў бюджэт Расеі (у адрозненне ад бензіну). Беларусь дадавала да бензіну кампанент, дзякуючы якому паліва можна было класіфікаваць як разбаўляльнікі. Калі ж груз перасякаў мяжу на зваротным шляху, ён ператвараўся ў бензін.

Расея не даруе

Урад Масквы ацаніў страты ад $ 1 да 2 млрд і патрабуе кампенсацыі. Беларусь кажа, што ўсё было згодна з законам, але ў 2011 годзе экспарт разбаўляльнікаў у Беларусі павялічыўся амаль у дзевяць разоў і перавысіў 2 млн тон. У ліпені мінулага года прэм’ер-міністр Расеі Дзмітрый Мядзведзеў, будучы з візітам у Менску, заявіў, што, калі парушэнні сапраўды былі, Беларусь мусіць кампенсаваць шкоду, нанесеную расейскаму бюджэту.

Масква афіцыйна скончыла перамовы з удзелам першага намесніка прэм’ер-міністра Беларусі Уладзіміра Сямашкі ды намесніка прэм’ер-міністра Расеі Аркадзя Дварковіча, звязаныя з колькасцю расейскага экспарту нафты ў Беларусь у 2013 годзе. Беларусь просіць 23 млн тон, Расея прапанавала пакуль толькі 21 млн і пры ўмове паглыблення інтэграцыі эканомік дзвюх краінаў. Гэтае пытанне мусяць вырашыць ў пятніцу ў Санкт-Пецярбурзе падчас паседжання Вярхоўнага Савету Саюзнай дзяржавы Беларусі ды Расеі.

Міхась Янчук, belsat.eu

Стужка навінаў