Расея будзе змагацца з метэарытамі ядраваю бомбаю


Савет Расейскай Федэрацыі правёў нараду, на якой абмяркоўвалі выкарыстанне ядравай бомбы ў выпадку магчымых пагрозаў з космасу. Прапанаваныя праекты нагадваюць сюжэт галівудскага блокбастару «Армагедон».

Пасля нядаўняга выпадку, які адбыўся ў раёне Чэлябінску, актыўна сталі абмяркоўваць тэму касмічнай абароны Расеі. На сёння ўсе звесткі пра астэроіды прыходзяць з амерыканскай сістэмы назірання. Свайго такога абсталявання на тэрыторыі постсавецкай прасторы пакуль няма. Намеснік прэм’ер-міністра РФ Дзмітрый Рагозін кажа пра тое, што астэроідная небяспека актуальная не толькі для Расеі, таму неабходна ствараць міжнародныя формы супрацы для барацьбы з гэтаю праблемаю.

Кіраўнік Федэральнага касмічнага агенцтва Расеі Уладзімір Папоўкін заявіў пра намер стварэння сістэмы абароны Зямлі ад метэарытаў. Праект пад назваю «Цытадэль» будзе каштаваць каля $ 500 млн і можа быць зрэалізаваны толькі пры дапамозе міжнароднай супрацы.

Таксама Папоўкін падкрэсліў, што на міжнародным узроўні неабходна распрацаваць дакументы, якія выключаць магчымасць выпрабавання і разгортвання ядравай зброі ў космасе, пад прыкрыццём барацьбы з астэроіднаю небяспекаю.

Такім чынам адвесці ўдар няпрошанага госця яшчэ немагчыма. Але папярэдзіць небяспеку рэальна. Гэтак, у 2008 годзе ўпершыню ўбачылі 5-метровы метэарыт, які ляціць да Зямлі.

Д.Ш., belsat.eu

Стужка навінаў