У Ватыкане ўжо пайшоў дым. Праўда, пакуль ружовы


Удзельнікі Канферэнцыі на рэч пасвячэння жанчын пусцілі клубы ружовага дыму над цэнтральнаю плошчаю Рыму. Кабеты заклікалі спыніць дыскрымінацыю ў каталіцкай царкве, нагадаўшы, што вернікаў сярод жанчын прынамсі не менш як мужчынаў, аднак найвышэйшая пасада, якую могуць яны заняць у структуры царквы – гэта памочніца сакратара ў Ватыканскім дэпартаменце. На сёння толькі 2 жанчыны займаюць гэтую пасаду.

{movie}Ружовы дым у Ватыкане|right|9636{/movie}

“Мы прыйшлі сюды сёння таму, што ў гэтыя хвіліны 115 мужчынаў у замкнёным пакоі вырашаюць будучыню Касцёлу, які напалову складаецца з жанчын. Ёсць кабеты, якіх вернікі просяць стаць святарамі, а каталіцкі касцёл змагаецца з гэтым. У кожнай краіне назіраецца нястача ксяндзоў і ёсць жанчыны, якія годныя быць святарамі ў той жа ступені, што і Кардыналы ў Ватыкане”, – паведамляе дырэктарка Канферэнцыі Эрын Сэйз Ганна.

Актывісткі заявілі, што гэтай акцыяй яны абвесцілі пра пачатак шэрагу дэманстрацыяў за гендарную роўнасць у Касцёле. Аднак сумнеўна, што Ватыкан зверне ўвагу на гэтую акцыю. Пазіцыя ў справе правоў жанчын мала змянілася з Сярэднявечча. У свеце існуюць колькі супольнасцяў каталікоў, якія не пытаючыся меркавання святога прастолу адмяняюць забарону на пасвячэнне жанчын на святарства. Сёння ў свеце налічваецца 150 жанчын-каталіцкіх святароў. Аднак Ватыкан пастанавіў, што любы святар, які пасвяціць у сан жанчыну, будзе адлучаны ад Касцёлу. Маўляў, Ісус абраў апосталамі 12 мужчынаў, таму для кабет за алтаром месца няма.

У выніку ўсё болей маладых каталікоў сыходзяць у пратэстанцтва, якое значна больш паспяхова адаптуецца да зменаў у свеце. На жаль, такая статыстыка існуе толькі ў ЗША. Як паведаміла “Голасу Амерыкі” святарка Глёрыя Карпэнэта, кожны трэці амерыканец, які вырас у каталіцкай сям’і, у дарослым узросце пакідае Касцёл.

Калі Касцёл мяркуе, што пра ўнутраныя праблемы лепш не размаўляць публічна, сінод англіканскай царквы летась разглядаў магчымасць увесці дазвол на пасвячэнне жанчын у святары. На жаль, першы блін выйшаў комам і большасць з 470 удзельнікаў сіноду прагаласавалі супраць, аднак у найбліжэйшыя гады чакаецца паўторнае галасаванне.

У.Ш., belsat.eu

Стужка навінаў